Пошукі завершаныя: у Пінску знойдзены 15-гадовы Багдан Юнчык

Знойдзены Багдан Юнчык. Фота тэлеграм-каналу "Крепость"

Багдан Юнчык знойдзены ў Пінску, зараз знаходзіцца пад наглядам праваахоўнікаў, неўзабаве будзе перададзены ў сям’ю, пра гэта паведаміла газэта «Вечерний Брест».

Выданьне паведамляе, што 15-гадовага хлопца знайшлі, дзякуючы «шырокаму інфармаваньню СМІ, неабыякавасьці грамадзян і зладжанай рабоце задзейнічаных у пошукавай апэрацыі супрацоўнікаў». З хлопцам усё ў парадку, паведамляе тэлеграм-канал «Крепость»

Хлопчык пакінуў дом у вёсцы Парахонск Пінскага раёну 23 студзеня каля 21:00. У апэрацыю было залучана шмат супрацоўнікаў міліцыі з усёй Берасьцейшчыны, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, памежнікаў, валянтэраў і мясцовых жыхароў. У пошуках выкарыстоўваюцца адмысловае абсталяваньне, бесьпілётнікі і квадрацыклы. Разглядаліся розныя варыянты, — паведамлялі ў УУС Берасьцейскай вобласьці. Падлетка шукалі больш за 100 чалавек.

Паведамляецца, што важную ролю адыгралі запісы з відэакамэр, якія пацьвердзілі знаходжаньне хлопца ў Пінску.

Цяпер высьвятляюцца ўсе абставіны і прычыны зьнікненьня Багдана, падрабязнасьці абяцаюць паведаміць пазьней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Берасьцейшчыне працягваюцца пошукі зьніклага падлетка Багдана Юнчыка