Розныя службы Берасьцейскай вобласьці працягваюць пошукі зьніклага 15-гадовага Багдана Юнчыка, паведаміла Ўпраўленьне ўнутраных справаў Берасьцейскага аблвыканкаму. Пошукі зьніклага падлетка працягваюцца другі дзень.
Хлопчык пакінуў дом у вёсцы Парахонск Пінскага раёну 23 студзеня каля 21:00.
«У апэрацыю залучана шмат супрацоўнікаў міліцыі з усёй Берасьцейшчыны, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, памежнікаў, валянтэраў і мясцовых жыхароў. У пошуках выкарыстоўваюцца адмысловае абсталяваньне, бесьпілётнікі і квадрацыклы. Разглядаюцца розныя варыянты, — паведамілі ў УУС Берасьцейскай вобласьці. Падлетка шукаюць больш за 100 чалавек.
Багдану Юнчыку 15 гадоў, ён хударлявы, ростам 160–165 см, з кароткімі чорнымі валасамі. На ім былі шэрыя джынсы, куртка колеру хакі, шэрая вязаная шапка і чорныя боты.
«Просім грамадзян, якія маюць якую-небудзь інфармацыю, тэлефанаваць на нумары +375 44 769 18 08, +375 44 711 68 85 або 102», — дадалі ў берасьцейскай міліцыі .
Форум