Новая палітыка Трампа, крызіс з бульбай і голас народу ў TikTok. Як Беларусь зьмянілася за год пасьля выбараў

Дональд Трамп і Аляксандар Лукашэнка. Каляж

У праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» на YouTube-канале Свабода Premium палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч і палітычны аналітык Віталь Цыганкоў распавялі, як зьмянілася Беларусь за год пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году.

3:19 Чаму Зяленскі сустрэўся зь Ціханоўскай?
10:12 Сустрэча Зяленскага зь Ціханоўскай – адказ Трампу?
18:37 Ці ўмацуе новая палітыка Кіеву лідэрства Ціханоўскай?
21:29 Ці скасуе Буданаў негалосныя дамоўленасьці з афіцыйным Менскам?
25:09 Ці сапраўдзіліся прагнозы наступстваў леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі?
30:35 Ці вярнуў сябе легітымнасьць Лукашэнка?
34:20 Чаму Трамп клапоціцца пра палітвязьняў у Беларусі, але не ў Азэрбайджане, Кітаі ці Расеі?
40:55 Беларускае грамадства як «чорная скрыня» - што хаваецца ў ёй?

На думку Цыганкова выбары 26 студзеня 2025 году былі самыя нецікавыя і шэрыя за ўсю гісторыю незалежнай краіны. Паводле яго, яны нічога не зьмянілі, ня сталі вехай і прайшлі без нават фіктыўнай альтэрнатывы. Цыганкоў лічыць, што нічога радыкальна новага ў 2025 годзе не адбылося, акрамя палітыкі Дональда Трампа адносна Беларусі.

Карбалевіч падкрэсьліў, што для Лукашэнкі выбары павінныя былі стаць сымбалічна кропкай «перагортваньня старонкі» 2020 году, аднак гэтага, на думку аналітыка, не адбылося. Палітычныя рэпрэсіі працягваюцца, а сам Лукашэнка ўвесь час вяртаецца да падзеяў 2020 года ў выступах — гэта «стрэмка», якая яму балiць і не адпускае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь пасьля 26 студзеня. Што спрагназавалі экспэрты?

Цыганкоў адзначыў, што новая палітыка Трампа адносна Беларусі ўпісваецца ў карціну сьвету 47-га прэзыдэнта ЗША, які імкнецца дасягаць канкрэтных посьпехаў. Такім посьпехам стала вызваленьне беларускіх палітвязьняў. Стратэгічнай задачай палітыкі новай адміністрацыі ЗША зьяўляецца «адцягненьне» Беларусі ад Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як улады рэагуюць на праблемы і імкнуцца гасіць грамадзкае незадаволеньне. Аналіз Валера Карбалевіча

Карбалевіч падкрэсьлівае, што ёсьць два сацыяльныя «кляпаны», якія ў сучаснай Беларусі «спускаюць пару» грамадзкага незадавальненьня — гэта масавая эміграцыя і сацыяльныя сеткі, у якія выплюхнулася незадавальненьне дэфіцытам бульбы і пэрспэктывай масавага прыезду мігрантаў з Пакістану. Улады вымушаныя рэагаваць на гэтыя рэакцыі, бо іншых каналаў зваротнай сувязі з грамадзтвам ужо няма — адзначае Карбалевіч.

На думку Цыганкова палітычная актыўнасьць у краіне пакуль немагчымая, але сацыяльнае напружаньне назапашваецца. Ён нагадаў, што тыя, хто выходзіў на пратэсты ў 2020 годзе, па-ранейшаму ў краіне, ня ўсе і нават ня большасьць з іх зьехалі. Аналітык нагадаў, што напружаньне можа выбухнуць раптоўна — як у 2017 годзе выбухнулі пратэсты «недармаедаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пераабраньне безь легітымнасьці: чаму ў 2025 годзе Лукашэнка не пераадолеў «сындром 2020-га»

«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам»

Разам з гасьцямі палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст спрабуе зразумець сэнсы таго, што адбываецца ў беларускай і сусьветнай палітыцы, прааналізаваць тэндэнцыі, якія хаваюцца за інфармацыйным шумам, заглянуць у невядомую будучыню.

Глядзіце новыя выпускі на YouTube-канале Свабода Premium штотыдзень.