Былы палітвязень, старшыня зьліквідаванай партыі «Зялёныя» стаў дарадцам Ціханоўскай у пытаньнях экалёгіі

Дзьмітрый Кучук пасьля вызваленьня 11 верасьня.

Сьвятлана Ціханоўская прызначыла дарадцу па пытаньнях экалёгіі — Дзьмітрыя Кучука, паведамляецца на яе старонцы ў Фэйсбуку.

Дзьмітрый Кучук — старшыня зьліквідаванай уладамі партыі «Зялёныя», былы палітзьняволены (вызвалены 11 верасьня 2025 года ў выніку перамоваў з ЗША), экспэрт у галіне кіраваньня адкідамі. Актыўны ўдзельнік дэмакратычнай апазыцыі з 2002 года, у партыі «Зялёныя» з 2008 года, з 2010 года на кіраўнічых пасадах. Прадпрымальнік з 1993 года, уладальнік і акцыянэр некалькіх кампаніяў.

Як паведамляецца, задачамі дарадцы ў пытаньняз экалёгіі будуць: распрацоўка пазіцыяў Офіса па пытаньнях экалёгіі, разьвіцьцё супрацоўніцтва зь беларускімі і міжнароднымі зялёнымі арганізацыямі, каардынацыя мерапрыемстваў да 40-годдзя Чарнобыльскай катастрофы, у тым ліку правядзеньне Чарнобыльскага Шляху. Дзьмітрый Кучук будзе таксама ўдзельнічаць у падрыхтоўцы рэформаў і заканадаўчых ініцыятываў для новай Беларусі. Ціханоўская адзначае, што Кучук будзе працаваць па-за штатам.

«Цяпер важная задача — падрыхтоўка мерапрыемстваў з нагоды 40-годдзя катастрофы на ЧАЭС. Гэта актуальна і ў кантэксьце вайны, і ядзерных пагрозаў, і верагоднай пабудовы новага блёку АЭС. Я думаю, што досьвед і прафэсіяналізм Дзьмітрыя дапамогуць нам прасоўваць ідэі ўстойлівага экалягічнага разьвіцьця, а таксама ўмацаваць адносіны з грамадзянскай супольнасьцю», такім чынам Сьвятлана Ціханоўская прывітала Дзьмітрыя Кучука ў новай ролі. «Працуем разам для экалагічнай новай Беларусі», адказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ дадаў у «сьпіс тэрарыстаў» зьняволенага кіраўніка зьліквідаванай партыі «Зялёныя»