Новы інцыдэнт адбыўся падчас рэйду іміграцыйнай паліцыі ICE. Паводле вэрсіі Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША, 37-гадовы грамадзянін ЗША Алекс Прэці са зброяй у руках нібыта перашкаджаў агентам ICE падчас апэрацыі затрыманьня «нелегальнага іншаземца», піша Reuters.
Відавочцы сьцьвярджаюць, што Алекс здымаў падзеі на тэлефон, быў павалены на зямлю і забіты шасьцю стрэламі ў сьпіну.
Службоўцы адміністрацыі Трампа хутка заявілі, што Прэці меў намер нанесьці шкоду фэдэральным агентам, зьвяртаючы ўвагу на пісталет, які, зь іхных словаў, быў знойдзены ў яго. Аднак на відэа, шырока распаўсюджаным у сацыяльных сетках і пацьверджаным амэрыканскімі мэдыя, відаць, што Прэці так і не даставаў зброі, а агенты адкрылі па ім агонь празь некалькі сэкундаў пасьля таго, як яму пырснулі ў твар раздражняльнікам і кінулі на зямлю.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп усклаў віну за сьмерць абраным кіраўнікам Мінэсоты ад Дэмакратычнай партыі, у тым ліку губэрнатару Тыму Ўолцу і мэру Мінэапалісу Джэйкабу Фрэю, напісаўшы на сваёй плятформе Truth Social:
«Кіраваныя дэмакратамі гарады і штаты-прытулкі АДМАЎЛЯЮЦЦА супрацоўнічаць з ICE. На жаль, двое амэрыканскіх грамадзян загінулі ў выніку гэтага хаосу, выкліканага дэмакратамі».
Пасьля таго як высокапастаўленыя службоўцы ахарактарызавалі Прэці як «забойцу», які напаў на агентаў, бацькі Прэці ў суботу апублікавалі заяву, у якой асудзілі «агідную хлусьню» адміністрацыі пра іх сына.
Ад сьнежня 2025 году Міністэрства ўнутранай бясьпекі праводзіць у Мінэсоце маштабную апэрацыю затрыманьня нелегальных імігрантаў, для чаго ў штат указам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа былі накіраваныя каля трох тысяч фэдэральных агентаў ICE і іншых службаў. Жыхары Мінэсоты пратэстуюць супраць прысутнасьці гэтых агентаў у штаце.
Алекс Прэці, якога застрэлілі іміграцыйныя агенты ЗША ў Мінэапалісе
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у інтэрвію Wall Street Journal, апублікаваным у нядзелю 25 студзеня, заявіў, што яго адміністрацыя «разглядае ўсё і выступіць рашуча» ў справе «сьмяротнай стральбы ў Мінэапалісе». Трамп таксама заявіў пра гатоўнасьць у рэшце рэшт вывесьці супрацоўнікаў іміграцыйнай службы з раёну Мінэапалісу, гаворыцца ў паведамленьні.
«У нейкі момант мы сыдзем. Мы зрабілі гэта, яны зрабілі фэнамэнальную працу», — сказаў Трамп, але не назваў тэрмінаў, калі агенты могуць пакінуць рэгіён.
Абама і Клінтан заявілі, што гэтыя забойствы павінны стаць сыгналам трывогі для ЗША
Былыя прэзыдэнты ЗША Барак Абама і Біл Клінтан у нядзелю заклікалі Амэрыку ўстаць і абараніць свае каштоўнасьці пасьля другога забойства іміграцыйнымі агентамі грамадзяніна ў Мінэапалісе, у якім Дональд Трамп абвінаваціў дэмакратычны «хаос», піша AFP.
Адміністрацыя Трампа сутыкнулася з узмацненьнем ціску праз масавыя рэйды супраць іміграцыі.
Дэманстрацыя пратэсту ў Мінэапалісе, 24 студзеня 2025 году
У сытуацыі напружаньня ў Мінэапалісе ў нядзелю людзі выйшлі на пратэст з асуджэньнем Іміграцыйнай і мытнай службы (ICE).
Дзьве трагедыі ў адным горадзе выклікалі абурэньне, у тым ліку двух папярэднікаў Трампа на прэзыдэнцкай пасадзе ад Дэмакратычнай партыі.
У нядзелю Барак і Мішэль Абама заявілі, што стральба павінна стаць «сыгналам трывогі», бо «ўсё часьцей адбываюцца атакі» на асноватворныя каштоўнасьці ЗША. Празь некалькі гадзін з жорсткім абвінавачаньнем на адрас цяперашняй адміністрацыі выступіў Біл Клінтан, заявіўшы, што мірных пратэстоўцаў «арыштоўвалі, білі, выкарыстоўвалі сьлезацечны газ і, што найбольш жахліва ў выпадках Рэнэ Гуд і Алекса Прэці, расстрэльвалі і забівалі».
«Усё гэта непрымальна», — сказаў Клінтан у сваёй заяве, заклікаючы амэрыканцаў «ўстаць, выказацца. Калі мы аддамо свае свабоды праз 250 гадоў, мы можам ніколі іх не вярнуць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША супрацоўнік міграцыйнай службы застрэліў жанчыну