«У сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай пэрспэктыве Расея імкнецца дасягнуць поўнага кантролю над унутрыпалітычнымі працэсамі Беларусі, каб зьнізіць магчымасьць незаплянаваных зьменаў у палітычным рэжыме Беларусі і патэнцыйных зьменаў у замежнай палітыцы, зьвязаных з гэтым», — адзначаецца ў справаздачы Бюро абароны Канстытуцыі Латвіі.
У латвійскай выведцы лічаць, што Масква выкарыстоўвае штогадовыя кансультацыі паміж МЗС Беларусі і Расеі для «кантролю адпаведнасьці замежнапалітычных рашэньняў Беларусі сваім інтарэсам, таму замежная палітыка Беларусі ў цэлым павінна ўспрымацца як працяг замежнай палітыкі Расеі».
Інфармацыя SAB паказвае, што Расея ўсё больш уразьліва ставіцца нават да мінімальных намаганьняў рэжыму Беларусі ў рэалізацыі больш незалежнай палітыкі, нягледзячы «на рост уплыву Расеі ў Беларусі і яе выразна выяўлены прарасейскі курс».
«З гледзішча Расеі, вяртаньне Беларусі да эканамічнага супрацоўніцтва з эўрапейскімі краінамі будзе спрыяць шматвэктарнай замежнай палітыцы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і аўтаматычнаму зьніжэньню ўплыву Расеі на Беларусь. У сваю чаргу патэнцыйная зьмена рэжыму Лукашэнкі, якая ня будзе непасрэдна каардынавацца з Масквой, будзе ўспрымацца як пагроза Расеі і яе інтарэсам у Беларусі», — адзначаецца ў дакумэнце.
У выведцы Латвіі мяркуюць, што Расея хоча стварыць сытуацыю, калі наступны кіраўнік Беларусі праз структурную залежнасьць краіны будзе вымушаны працягваць моцна прарасейскі курс як унутры краіны, так і за мяжой.
«Вельмі імаверна, што Расея будзе перашкаджаць намаганьням рэжыму Лукашэнкі аднавіць адносіны з эўрапейскімі краінамі, калі гэта ня будзе выгадна Маскве», — адзначаецца ў дакумэнце.
У справаздачы канстатуецца, што эканамічная супраца паміж Расеяй і Беларусьсю мае мілітарызаваны характар і такая структура дачыненьняў захаваецца. Згодна з інфармацыяй латвійскай выведкі, каля 500 беларускіх кампаніяў інтэграваныя ў сыстэму расейскай вайсковай вытворчасьці і атрымліваюць дзяржаўныя субсыдыі на перапрафіляваньне вытворчасьці.
«Публічная інфармацыя сьведчыць, што Расея разглядае магчымасьць будаўніцтва ў Беларусі заводу вытворчасьці бесьпілётнікаў магутнасьцю да 100 000 адзінак на год. У сваю чаргу, пры падтрымцы Кітаю праз пастаўку вытворчага абсталяваньня, у Беларусі штогод вырабляецца прыблізна 480 тысяч артылерыйскіх і ракетных снарадаў для расейскіх ракетных пускавых установак. Вайна ва Ўкраіне пацьвярджае, што ў выпадку ваеннага канфлікту (з Эўропай. — РС) цывільная эканоміка Беларусі таксама будзе цалкам служыць ваенным інтарэсам Расеі.
«Вельмі імаверна, што Беларусь будзе адыгрываць усё важнейшую ролю ў дасягненьні ня толькі ваенных, але і вайскова-прамысловых мэтаў Расеі, калі Расея будзе захоўваць агрэсіўную замежную палітыку ў дачыненьні да заходніх краін», — адзначылі ў выведцы Латвіі.
У Латвіі апублікавалі толькі несакрэтную частку справаздачы. Засакрэчаную перададуць на разгляд ураду і парлямэнцкага камітэту нацыянальнай бясьпекі, пасьля чаго зацьвердзяць кірункі работы выведкі на 2026 год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь лютага 2026 года Латвія паэтапна спыніць аўтобусныя рэйсы з Беларусьсю