Пра гэта паведаміла прадстаўніца валянтэрскага цэнтру «Сустрэча» Алена Жаркевіч.
Прадстаўніца аб’яднаньня выказала падзяку ўсім, хто далучыўся да стварэньня пункту. Яна таксама падзякавала «за разуменьне таго, што адбываецца», «за салідарнасьць і спачуваньне».
«Беларусы, вы крутыя. Сапраўды, — напісала Жаркевіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — Я вельмі добра разумею, што ня ўсе могуць прыехаць фізычна. Але я бачу і адчуваю, колькі людзей нас падтрымала — словам, справай, фінансамі і нават проста думкамі. І гэта мае вялікае значэньне».
«Ставячы гэты намёт, я, як і многія іншыя валянтэры, пачула шмат цёплых словаў у адрас беларусаў. Словаў падтрымкі і падзякі — за тых, хто ваюе, за тых, хто загінуў, за тых, хто сёньня сядзіць і хто ўжо адсядзеў за барацьбу з рэжымам, за незалежнасьць Беларусі».
З паведамленьня вынікае, што дапамогу ў стварэньні пункту сярод іншых аказалі беларусы, якія жывуць у ЗША, Канадзе, Польшчы, Літве, Нямеччыне, іншых краінах.
24 студзеня Жаркевіч паведаміла, што «Сустрэча» атрымала месца для арганізацыі «Беларускага пункту нязломнасьці». Заклік далучыцца да яго стварэньня ўпершыню зьявіўся ў тэлеграм-канале арганізацыі ў сярэдзіне студзеня.
У лістападзе мінулага году Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызнала «Сустрэчу» «экстрэмісцкім фармаваньнем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія валянтэры даставілі ва Ўкраіну пяць аўтамабіляў і гуманітарную дапамогу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кожны трэці валянтэр — беларус». У Кіеве зьявіўся ўкраінска-беларускі хаб для дыялёгу і дапамогі