Разьвітаньне зь Ірынай Быкавай пройдзе ў нядзелю

Ірына Быкава

Цырымонія разьвітаньня зь Ірынай Быкавай, жонкай пісьменьніка Васіля Быкава, адбудзецца ў нядзелю 25 студзеня а 9.20 у залі крэматорыя на Паўночных могілках Менску.

Пра гэта паведаміў журналіст і сябра сям'і Быкавых Сяргей Навумчык.

Ірына Быкава памерла 21 студзеня на 100-ым годзе жыцьця.

У сьнежні 2025 году Ірыну Быкаву завезьлі ў 6-ю траўматалягічную клініку, дзе пацьвердзіўся пералом сьцягна. Потым ёй паставілі яшчэ й дыягназ «інфаркт». Пазьней яна была ў рэанімацыі, але ў сьвядомасьці.

Ірына Суворава працавала ў аддзеле культуры газэты «Гродзенская праўда», там і пазнаёмілася з Васілём Быкавым. Пазьней яны пабраліся шлюбам, цярпелі нападкі ўладаў, вымушана жылі ў эміграцыі, потым вярнуліся на радзіму. Яна набірала творы мужа на друкарскай машынцы, вычытвала ягоныя тэксты.

Ірына Быкава была захавальніцай літаратурнай спадчыны пісьменьніка. У 2003 годзе, калі пісьменьнік памёр незадоўга пасьля вяртаньня ў Беларусь, яна ў Доме літаратара забараніла прыбраць зь ягонай труны нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, тады прадстаўнікі праўладнага саюзу пісьменьнікаў дэманстратыўна пакінулі цырымонію. Разьвітаньне з Васілём Быкавым прайшло цалкам пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Пасьля разьвітаньня з мужам, Ірына Быкава працягвала жыць у Менску на вуліцы Танкавай, дзе пара атрымала кватэру пасьля пераезду ў сталіцу з Горадні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ірына Быкава: «Сёньня — у гэты бессаромны час — выбіраць вельмі цяжка»