Перамовы паміж прадстаўнікамі Украіны, ЗША і Расеі ў Абу-Дабі завяршыліся

Уладзімір Пуцін у Крамлі на сустрэчы са спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта ЗША Стывам Віткафам, зяцем Трампа Джарэдам Кушнэрам і Джошам Грунбаўмам, камісарам Фэдэральнай службы закупак ЗША, 22 студзеня 2026 года

Трохбаковыя перамовы паміж прадстаўнікамі Украіны, ЗША і Расеі ў Абу-Дабі завяршыліся, паведамляе «Суспільнае». Адзначаецца, што сустрэча доўжылася больш за тры гадзіны.

Наступны раунд перамоваў паміж Украінай, РФ і ЗША адбудзецца на наступным тыдні. Пра гэта піша журналіст Axios Барак Равід. Паводле яго слоў, удзельнікі беларускай дэлегацыі характарызаваць сустрэчы як пазытыўныя і канструктыўныя.

Крыніца ТАСС у расейскай дэлегацыі паведаміла, што перамовы прынесьлі пэўныя вынікі, таму ў бліжэйшыя дні будзе працяг.

У суботу, 24 студзеня, у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (ААЭ) пачаўся другі дзень трохбаковых перамоваў паміж прадстаўнікамі Украіны, ЗША і Расеі.

Раней прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас вечаровага звароту паведаміў, што на трохбаковых перамовах Украіны, ЗША і Расеі ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах бакі кажуць пра парамэтры заканчэньня вайны, але адносна зьместу размоваў высновы пакуль што рабіць рана.

Выданьне Financial Times са спасылкай на крыніцы напісала, што Украіна і ЗША на трохбаковай сустрэчы ў ААЭ запрапануюць Расеі спыніць удары па энэргетыцы ў абмен на прыпыненьне нападаў на НПЗ і танкеры «ценевага флёту». Афіцыйна пра гэта не паведамлялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У новай стратэгіі бясьпекі ЗША Расею назвалі «кіруемай пагрозай»