«Мы, хто прайшоў гэтую мясарубку, маем маральнае права гаварыць усё, што хочам, — Калесьнікава ў інтэрвію Золатавай

Марыя Калесьнікава. 2020 год. Менск

Палітзняволеная Марыя Калесьнікава заявіла, што людзі, якія прайшлі праз рэпрэсіі і турмы, маюць маральнае права адкрыта гаварыць усё, што лічаць патрэбным, і дзякаваць за вызваленьне людзей, незалежна ад крытыкі з боку іншых. Раней Калесьнікава дзякавала за вызваленьне Лукашэнку.

Марыя Калесьнікава дала інтэрвію журналістцы і былой палітзьняволенай Марыне Золатавай. Да арышту Золатава была галоўнай рэдактарцы парталу tut.by. Пакараньне яна адбывала ў адной калённі з Калесьнікавай.

«Я не саромеюся сваіх слоў. Я сапраўды ўдзячная за тое, што адпусьцілі людзей, і за кожнага чалавека я ўдзячная. І я гатовая пра гэта гаварыць, і мне абсалютна ўсё роўна, што ў мяне кідаюць памідорамі, бо няма нічога важнейшага за чалавечае жыцьцё», — сказала Калесьнікава.

Паводле яе слоў, менавіта перажыты досьвед турмаў і рэпрэсій дае былым і цяперашнім палітвязьням маральнае права выказвацца без аглядкі на асуджэньне. «Тыя з нас, хто прайшоў праз гэтую мясарубку, маюць маральнае права гаварыць усё, што хочуць, і дзякаваць за такія ўчынкі. У нас ёсьць гэтае права, і я буду ім карыстацца», — падкрэсьліла яна.

Калесьнікава адзначыла, што для яе галоўнай каштоўнасьцю застаецца чалавечае жыцьцё, а не палітычныя ацэнкі ці рэакцыя публікі. Яна падкрэсьліла, што гатовая адкрыта гаварыць пра гэта, нават калі яе словы выклікаюць рэзкую крытыку.

Марыю Калесьнікаву затрымалі ў верасьні 2020 году пасьля спробы сілавікоў сілай вывезьці яе з Беларусі. Яна парвала пашпарт і засталася ў краіне. У 2021 годзе суд прысудзіў ёй 11 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спачатку пасадзілі тых, хто дасылаў лісты і грошы». Гісторыі асуджаных за салідарнасьць з палітвязьнямі