Марыя Калесьнікава: Не шкадую, што парвала пашпарт

Марыя Калесьнікава

Палітзьняволеная Марыя Калесьнікава заявіла, што не шкадуе пра рашэньне парваць беларускі пашпарт у 2020 годзе, калі яе спрабавалі сілай вывезьці з краіны. Пра гэта яна сказала ў інтэрвію былой галоўнай рэдактарцы парталу tut.by Марыне Золатавай.

«Не шкадую. І прычына, па якой я гэта зрабіла, яна вельмі простая. Я з самага пачатку вырашыла, што застаюся зь беларускім народам. Нам было ўсім клясна і добра, калі нас было 500 тысяч, мы былі на вуліцах, усе адзін аднаго абдымалі і цалавалі – гэта супэр. А потым быў час, калі нам усім стала дрэнна. І я таксама хачу быць у гэты час са сваім народам. Гэта значыць, я разумела, што нічога не магу зьмяніць і нікому дапамагчы тым, што знаходжуся ў турме, але мне было важна падзяліць лёс людзей, якія былі разам са мной», – сказала ў інтэрвію Калесьнікава.

Яна адзначыла, што ніколі не разглядала для сябе магчымасьць зьвяртацца з прашэньнем аб памілаваньні, нават калі б гэта магло прывесьці да вызваленьня. Паводле яе слоў, такі крок азначаў бы прызнаньне віны, якой яна за сабой не бачыць.

Калесьнікава таксама расказала пра ўмовы ўтрымліваньня ў калёніі, ізалятары і ПКТ, а таксама пра людзей, зь якімі ёй давялося сустрэцца за кратамі. Яна падкрэсьліла, што галоўным выпрабаваньнем стала ізаляцыя і адсутнасьць інфармацыі ад родных, але падтрымка іншых зьняволеных дапамагала трымацца.

Гаворачы пра будучыню Беларусі, Калесьнікава заявіла, што важна захаваць чалавечнасьць і думаць не пра помсту, а пра тое, як краіна зможа вярнуцца да нармальнага жыцьця. «Жыцьцё людзей вартае таго, каб пра іх гаварыць – нават у размове з Лукашэнкам», – сказала яна.

Марыю Калесьнікаву затрымалі ў верасьні 2020 году і асудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньняў у «змове з мэтай захопу ўлады» і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спачатку пасадзілі тых, хто дасылаў лісты і грошы». Гісторыі асуджаных за салідарнасьць з палітвязьнямі