Танкеры, якія трапілі ў сьпіс, ходзяць пад сьцягамі Палаў, Каморскіх выспаў і Панамы. Абмежаваньні таксама ўведзены супраць кампаній, якія валодаюць або кіруюць гэтымі судамі, — яны зарэгістраваныя ў Індыі, Лібэрыі, Амане, ААЭ, а таксама на Маршалавых выспах і Сэйшэлах.
Сьцьвярджаецца, што гэтыя суды і кампаніі маюць дачыненьне да перавозкі іранскай нафты і нафтапрадуктаў на сотні мільёнаў долараў. У заяве Мінфіну ЗША гаворыцца, што гэтыя даходы, якія па праве належаць іранскаму народу, накіроўваюцца ўладамі «на фінансаваньне рэгіянальных тэрарыстычных груповак, праграм узбраеньняў і службаў бясьпекі».
«Сёньняшнія санкцыі накіраваныя супраць найважнейшага кампанэнту таго, як Іран атрымлівае сродкі, якія выкарыстоўваюцца для падаўленьня ўласнага народу. Як ужо гаварылася раней, Мінфін працягне адсочваць дзясяткі мільёнаў даляраў, якія рэжым скраў і адчайна спрабуе перавесьці ў банкі за межамі Ірану», — заявіў міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт.
Разбураныя мячэці, абгарэлыя будынкі, жудасная цішыня ў Тэгеране пасьля паўстаньня. ФОТА
Пратэсты ў Іране пачаліся ў канцы сьнежня і дасягнулі піка ў першай палове студзеня. Першапачаткова ўдзельнікі пратэстаў выступалі з эканамічнымі патрабаваньнямі, а пазьней зьявіліся лёзунгі супраць уладаў.
У краіне ўжо два тыдні адключаны Інтэрнэт, і няма дакладных зьвестак ні пра колькасьць пратэстоўцаў, ні пра колькасьць ахвяр. Іранская дзяржаўная тэлевізія днямі назвала афіцыйную лічбу 3117 забітых, праваабарончыя арганізацыі кажуць, што гэтая лічба большая.
15 студзеня ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да пяці іранскіх чыноўнікаў, абвінаваціўшы іх у датычнасьці да здушэньня пратэстаў. У сьпіс уключылі сакратара Найвышэйшай рады нацбясьпекі Ірану Алі Ларыджані. Абмежаваньні таксама былі ўведзены ў дачыненьні да чатырох кіраўнікоў рэгіянальных падразьдзяленьняў паліцыі і камандуючых сіламі Корпусу вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі ў правінцыях Ларэстан і Фарс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За кожнай машынай ляжала цела, яны білі ўсіх запар». У Іране расьце колькасьць загінулых пратэстоўцаў