Міністар аховы здароўя Беларусі заявіў аб плянах забараніць аборты ў прыватных клініках. Паводле Аляксандра Хаджаева, гэта прадугледжвае ўжо распрацаваны праект Кодэксу аб ахове здароўя. Міністар патлумачыў такое рашэньне тым, што ў дзяржаўных мэдычных установах «выніковасьць перадабортавага кансультаваньня значна вышэйшая, чым у прыватных клініках».
— Я назвала гэты закон законам неадукаваных людзей, якія дагэтуль жывуць у нейкім іншым вымярэньні, лічачы, што нешта забараніўшы, можна нешта выправіць. Так яно не працуе. Статыстыка паказвае, што ні ў воднай краіне, у якой уведзеныя забароны на аборты, гэта ніякім чынам не паўплывала і не паўзьдзейнічала на нараджальнасьць дзяцей. У Беларусі гэта зроблена толькі з адной прычыны — з таго, што дзяцей нараджаецца вельмі мала. У Беларусі закрываюцца радзільні, зь іх робяць іншыя лякарні і пакідаюць толькі невялічкія аддзяленьні. І садочкі закрываюцца. Як маці падлеткаў я памятаю, што такое садочак 15–20 гадоў назад: туды было немагчыма трапіць. І вось зараз у нас сытуацыя, калі садочкі закрываюцца. Гэта значыць, што ў Беларусі насамрэч крытычнае дэмаграфічнае становішча, і ўлады ўсімі спосабамі намагаюцца яго выправіць, не разумеючы, што такім чынам, на жаль, яно ня зьменіцца.
— Паводле афіцыйнай статыстыкі, узровень абортаў у Беларусі за апошнія 10 гадоў зьнізіўся з 12 да 5,6 на 1000 жанчын рэпрадукцыйнага ўзросту. Міністэрства здароўя лічыць адной з прычынаў гэтага зьніжэньня так званыя перадабортавыя кансультацыі, на якіх пераважна прадстаўнікі праваслаўнай царквы пераконваюць жанчын не рабіць аборт. З чым насамрэч зьвязанае зьмяншэньне колькасьці абортаў — з сэксуальнай асьветай, з узроўнем жыцьця ці зь перадабортавымі кансультацыямі праваслаўных сьвятароў?
— Думаю, што перадабортавыя кансультацыі, безумоўна, маюць значэньне, на жаль. Я памятаю артыкул, напісаны яшчэ ў 2020 годзе, у якім журналістка аднаго з беларускіх мэдыя хадзіла на такую перадабортавую кансультацыю, ня будучы цяжарнай, проста дзеля артыкула. Вынік быў такі, што нават была яна гатовая нарадзіць дзіця, якога яшчэ не было, настолькі там зь ёю папрацавалі. Я ведаю такія гісторыі, калі паказваюць фатаздымкі частак цела дзяцей, калі паказваюць, як дзіця выглядае ва ўлоньні маці, хоць гэта фатаздымкі дзяцей на шостым, на восьмым месяцы цяжарнасьці. Я ведаю, што гэта маніпуляцыі, што гэта, безумоўна, ціск на жанчын. Калі менш адукаванасьці, менш крытычнага мысьленьня, калі ёсьць страх ад таго, што на цябе ціснуць, то жанчыны пагаджаюцца, але не таму, што гэта іх сьвядомае рашэньне, а таму што гэта ціск. Я лічу, што ўсё толькі пагаршаецца. Ня ведаю, з чым зьвязана зьніжэньне колькасьці абортаў, але, безумоўна, гэта ў тым ліку пра сэксуальную асьвету, пра тое, што падлеткі ўжо больш ведаюць пра кантрацэпцыю, чым раней ведалі людзі майго ўзросту ці старэйшыя. Я думаю, што гэта пытаньне выбару. У людзей дзякуючы адукаванасьці зьяўляецца пытаньне большай адказнасьці і пытаньне выбару. І людзі абіраюць у тым ліку не цяжараць, абіраюць не заводзіць дзяцей.
— Апошнія гады ў Расеі пры вялікіх чалавечых стратах на вайне супраць Украіны ўлады абмяжоўваюць аборты. У 2023 годзе прыватныя клінікі ў анэксаваным Крыме адмовіліся рабіць аборты, каб «зрабіць унёсак у паляпшэньне дэмаграфічнай сытуацыі ў краіне». А ў 2024 годзе больш за 500 расейскіх прыватных клінік перасталі рабіць аборты. Наста, наколькі беларускія ініцыятывы зьвязаныя з расейскімі, ці гэта ўласна беларускі трэнд, зьвязаны зь маштабнай эміграцыяй людзей дзетароднага ўзросту з краіны і кепскай дэмаграфічнай сытуацыяй?
— Я думаю, што хутчэй другое. Так, мы бачым, што вельмі шмат законаў і нейкіх абмежаваньняў уводзяць у Беларусі пасьля таго, калі гэта ўжо ўведзена ў Расеі. Але думаю, што тут пытаньне ня ў тым, што паглядзелі на Расею, а ў тым, што паглядзелі на сваю краіну і зразумелі, што элемэнтарна людзей мала. Калі людзей мала, то што мы будзем рабіць? Трэба падлічыць, колькі людзей выехала. То бок яны і не падаткаплатнікі, і ня тыя, хто нараджае дзяцей? Варта зразумець, што жанчыны ў такіх умовах абіраюць — не нараджаць . Эканамічнае становішча ў Беларусі вельмі складанае. І калі ёсьць адказны падыход да таго, каб стаць маці, татам, ты разумееш, колькі аб’ектыўна трэба грошай, каб вырасьціць дзіця. Думаю, што гэта таксама вельмі важны паказьнік разуменьня таго, у якім стане знаходзіцца эканоміка ў Беларусі. Людзі разумеюць, што яны могуць сабе дазволіць менш, могуць дазволіць ня столькі, колькі маглі дазволіць раней, нават простых рэчаў. І сюды трэба яшчэ ўмясьціць дзіця і патрэбы на яго. Каб павысіць дэмаграфічны ўзровень, трэба не забараняць, а ствараць умовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар здароўя Беларусі заявіў аб плянах забараніць аборты ў прыватных клініках— У Беларусі аборты легальныя ад 1955 году. Дзейны закон пра аборты быў прыняты ў 1987 годзе, яго называюць адным з самых лібэральных законаў пра аборты ў Эўропе. Паводле яго, аборт робіцца па жаданьні ў тэрмін да 12 тыдняў, а пры асаблівых абставінах і шэрагу прычын — да 22 тыдняў. У 2014 годзе прынялі закон, які дазваляе дактарам адмовіцца ад абортаў. Што і зрабілі гінэколягі ў Лагойску і ў пэрынатальным цэнтры ў Горадні. Ці паляпшаецца насамрэч праз абмежаваньні абортаў дэмаграфічная сытуацыя, і чаму пасьля адмовы лагойскіх дактароў рабіць аборты больш дзяцей не нарадзілася?
— Я ўпэўнена, што ніяк не паўплывала. Калі мы кажам пра Лагойск і Горадню, то жанчыны могуць паехаць у іншы горад Беларусі. Баюся, што калі зараз усё пойдзе такім чынам, то цалкам магчыма, што будзе забарона абортаў і ў дзяржаўных клініках. Напрыклад, у Польшчы таксама забароненыя аборты, але там існуе вельмі моцная сыстэма падтрымкі жанчын — неафіцыйная, актывісцкая. Гэта ў тым ліку фонды, якія дапамагаюць жанчынам выехаць у іншую краіну зрабіць аборт. Трэба разумець, што ў Беларусі гэта немагчыма, што ў Беларусі сэктар НДА выпалены абсалютна.
Гэта будзе адбівацца ў першую чаргу на ўразьлівых групах. Усякі крызіс заўсёды адбіваецца найперш на ўразьлівых групах. Гэта будуць жанчыны зь невялікіх гарадоў, зь вёсак, жанчыны, у якіх няма дасягу да нармальнай мэдыцыны. Гэта будуць жанчыны з алькагольнай залежнасьцю і жанчыны ўва ўразьлівым стане, жанчыны з інваліднасьцю, жанчыны ў сытуацыі хатняга гвалту. Людзі, якія маюць рэсурсы, якія маюць фінансы, знойдуць магчымасьць або выехаць некуды, або зрабіць аборт. А ўсе гэтыя ўразьлівыя групы, пра якія я сказала, — у іх ня будзе гэтай магчымасьці. І тады пытаньне, праз што дзяржава хоча павысіць нараджальнасьць — праз тое, каб і так уразьлівыя групы станавіліся яшчэ больш уразьлівымі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адукацыя лепшая, заробак меншы, а галоўнае — «не падвесьці Лукашэнку». Што ня так з «годам жанчыны» ў Беларусі