Сыстэма кіраваньня сваім амэрыканскім бізнэсам можа дазволіць кампаніі ўнікнуць забароны на кітайскую ўласнасьць.
Праграма для абмену відэа стала глябальным лічбавым забаўляльным гігантам, але яго масавая папулярнасьць і сувязі з Кітаем выклікалі заклапочанасьць з прычыны пагрозаў для захаваньня прыватнасьці карыстальнікаў і для нацыянальнай бясьпекі ЗША, піша AFP.
Да праграмы ставіліся з падазрэньнем яшчэ пры адміністрацыі папярэдняга прэзыдэнта Джо Байдэна.
Юрыдычная асоба TikTok USDS Joint Venture LLC будзе абслугоўваць больш за 200 мільёнаў карыстальнікаў і 7,5 мільёна прадпрыемстваў, адначасова выконваючы строгія захады бясьпекі для абароны зьвестак і мадэрацыі зьмесьціва, паведаміла кампанія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія экспэрты заявілі пра крытычныя праблемы з аплікацыяй DeepSeek і раяць усім яе выдаліцьРэакцыя Трампа
Дональд Трамп вітаў рашэньне стварыць новую юрыдычную асобу і ўзяў на сябе адказнасьць за ўгоду, але таксама падзякаваў старшыню Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Дзіньпіну за яе ўхваленьне.
«Я так рады, што дапамог выратаваць TikTok! Цяпер ён будзе належаць групе Вялікіх амэрыканскіх патрыётаў і інвэстараў, найбуйнейшых у сьвеце, і будзе важным голасам», — напісаў Трамп у паведамленьні ў сваёй сетцы Truth Social.
ByteDance захоўвае 19,9% долі ў супольным прадпрыемстве, што дазваляе захаваць долю ўласнасьці, ніжэйшую за 20-адсоткавы парог, вызначаны законам. Тры інвэстары — Silver Lake, Oracle і інвэстыцыйны фонд штучнага інтэлекту MGX з Абу-Дабі — валодаюць дзелямі па 15%. Выканаўчы старшыня Oracle Лары Элісан — даўні хаўрусьнік Трампа.
Сярод іншых прадпрыемстваў, што валодаюць акцыямі, — Dell Family Office, філіі Susquehanna International Group і General Atlantic.
Супольнае прадпрыемства захавае паўнамоцтвы ў прыняцьці рашэньняў у палітыцы даверу і бясьпекі, а таксама ў мадэрацыі зьмесьціва для карыстальнікаў з ЗША. Але глябальныя структуры TikTok будуць кіраваць міжнароднай інтэграцыяй прадуктаў і камэрцыйнай дзейнасьцю, уключна з электроннай камэрцыяй і рэклямай. Згодна з пагадненьнем, асабовыя зьвесткі карыстальнікаў з ЗША будуць захоўвацца ў бясьпечным воблачным асяродзьдзі Oracle, а кібэрбясьпека будзе правярацца староньнімі экспэртамі і адпавядаць фэдэральным стандартам, паведаміў TikTok.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Politico: За ўмяшаньне ў выбары ў Чэхіі TikTok закрыў амаль паўсотні акаўнтаў, якія распаўсюджваюць крамлёўскую прапагандуРанейшая забарона TikTok у ЗША
Новая структура стала адказам на закон, прыняты пры Джо Байдэну, які ставіў дылему перад кітайскай кампаніяй ByteDance: прадаць амэрыканскія актывы TikTok або сутыкнуцца з забаронай на рынку. Для ByteDance гэта найбуйнейшы рынак.
Закон 2024 году выйшаў пасьля таго, як палітыкі ЗША, у тым ліку Трамп у часе яго першай прэзыдэнцкай кадэнцыі, папярэдзілі, што Кітай можа выкарыстоўваць TikTok для здабыцьця зьвестак пра амэрыканцаў або аказаньня ўплыву праз свой альгарытм.
Трамп падпісаў указ, які ўхваляе ўгоду аб продажы амэрыканскага падразьдзелуTikTok, яшчэ ў верасьні.
У Белым доме тады заявілі, што TikTok выкарыстоўваюць 170 млн амэрыканцаў, а Трампаў указ гарантуе ім магчымасьць бясьпечна карыстацца «ўсімі перавагамі TikTok і быць упэўненымі ў бясьпецы сваіх пэрсанальных зьвестак у Злучаных Штатах».
Улады ЗША як пры Байдэну, гэтак і пры Трампу асьцерагаліся, што ByteDance можа змушана перадаваць Кітаю інфармацыю аб амэрыканскіх карыстальніках, бо паводле кітайскага закону аб контравыведцы 2014 году кампаніі ня могуць адмаўляцца ад збору патрэбных для кітайскіх расьсьледаваньняў зьвестак. Пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта Дональд Трамп распарадзіўся адкласьці ўступленьне ў сілу забароны на TikTok, заявіўшы, што будзе дамагацца пераходу амэрыканскага бізнэсу гэтай сацыяльнай сеткі пад кантроль амэрыканскіх інвэстараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праект FactCheck: папулярнасьць ТыкТок у Беларусі — прыкмета інфармацыйнай дэградацыі