У Расеі раскрылі зьвесткі пра загінулых маракоў з крэйсэру «Масква». Чакаць давялося чатыры гады

Крэйсэр «Масква»

Украінскаму афіцэру за загад біць па караблі расейскі суд вынес завочны вырак.

У Расеі Другі Заходні акруговы вайсковы суд вынес завочны пажыцьцёвы вырак камандзіру 406 артылерыйскай брыгады ВМС Украіны Андрэю Шубіну ў справе аб затапленьні крэйсэру «Масква» ў пачатку 2022 году. Украінскаму афіцэру выставілі абвінавачаньні ў вынясеньні загадаў нанесьці ракетныя ўдары па крэйсэры «Масква» і фрэгаце «Адмірал Эсэн». Пра гэта піша «Медиазона» з спасылкай на сайт суду.

«Ад выбуху, пажару і дыму загінулі 20 сяброў экіпажу крэйсэру, 24 сябрам экіпажу нанесеныя цялесныя пашкоджаньні рознай ступені цяжкасьці, а 8 чалавек прапалі бязь вестак, у тым ліку ў ходзе змаганьня за ўтрыманьне карабля, якая доўжылася звыш шасьці гадзін», — гаварылася ў паведамленьні судовай прэс-службы, якое пазьней выдалілі з сайту.

Дакладная колькасьць загінулых на крэйсэры раней не раскрывалася. «Афіцыйная вэрсія» пастаянна атрымлівала зьмены.

Спачатку расейскае Міністэрства абароны сьцьвярджала, што на крэйсэры пачаўся пажар, а загінуў усяго адзін чалавек. Яшчэ 27 былі абвешчаныя зьніклымі бязь вестак. Пасьля суд прызнаў загінулымі 17 маракоў.

У красавіку 2023 году ў акупаваным крымскім Севастопалі адкрылі мэмарыял у гонар загінулых на вайне ва Ўкраіне маракоў 30-й дывізіі надводных караблёў, у складзе якой знаходзіўся крэйсэр «Масква»: на ім былі напісаныя імёны 19 маракоў, якія загінулі ў дзень затапленьня судна.

Расейская служба ВВС і «Медиазона» пісалі, што ім удалося высьветліць асобы 22 загінулых. Як паведамляла «Агентство», экіпаж загінулага карабля мог на дзьве траціны складацца з жаўнераў тэрміновай службы.

Крэйсэр «Масква» затануў каля вострава Зьмяіны 14 красавіка 2022 году. Украінскі бок заяўляў, што нанёс па судне ўдар ракетамі «Няптун».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы елі мышэй, туалетную паперу, чарвякоў». Марпех з вострава Зьмяіны пра катаваньні і голад ў палоне за фразу аб «расейскім караблі»


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе камандзіры выратаваліся, а „тэрміновікі“ там засталіся?» «Настоящее время» паразмаўляла з маці зьніклага марака з крэйсэру «Москва»