Беларусь на падпісаньні статуту Рады міру прадстаўляў пасол у Швайцарыі

Падчас падпісаньня статуту новай арганізацыі 22 студзеня 2026 году

Пасол Беларусі ў Швайцарыі Аляксандар Ганевіч удзельнічаў у цырымоніі зацьвярджэньня статуту Рады міру, ініцыянаванай прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Як адзначаецца ў паведамленьні Міністэрства замежных спраў Беларусі, Аляксандар Ганевіч зрабіў гэта на выкананьне адпаведнага даручэньня Аляксандра Лукашэнкі.

«Беларусь у якасьці сузаснавальніцы Рады міру гатова выконваць актыўную ролю ў фарміраваньні новай архітэктуры ўсясьветнай і рэгіянальнай бясьпекі на прынцыпах узаемнай павагі і безумоўнага ўліку нацыянальных інтарэсаў краін-удзельніц аб’яднаньня», — адзначаецца ў паведамленьні МЗС Беларусі.

Зацьвярджэньне статуту Рады міру адбылося 22 студзеня ў рамках Міжнароднага эканамічнага форуму ў Давосе (Швайцарыя).

Разам з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, які будзе старшыняваць у Радзе, у цырымоніі ўзялі ўдзел прэзыдэнт Парагваю Сант’яга Пэньня, прэм’ер-міністар Пакістана Шагбаз Шарыф, прэзыдэнт Аргентыны Хавіер Мілей, прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, былы прэмʼер-міністар Баўгарыі Росэн Жалязкаў, міністар замежных справаў Турэччыны Хакан Фідан, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў, прэмʼер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан.

Некаторыя традыцыйныя хаўрусьнікі ЗША ўстрымаліся ад далучэньня да Рады. Прадстаўнікі краін, названых у якасьці чальцоў-заснавальнікаў, прысутнічалі ў пакоі, калі выступаў Трамп, але Reuters не змагло адразу ўбачыць прадстаўнікоў урадаў іншых вядучых усясьветных дзяржаваў, Ізраілю ці Палестынскай аўтаноміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці Рада міру Трампа верне Беларусь і Лукашэнку ў вялікую палітыку?

Што такое Рада міру

Трамп упершыню прапанаваў стварыць Раду міру летась у верасьні, калі абвясьціў пра свой плян спыненьня вайны ў Газе. Пазьней ён даў зразумець, што паўнамоцтвы рады будуць пашыраныя за межы Газы.

Згодна з праектам статуту, зь якім азнаёмілася агенцтва Reuters, прэзыдэнт ЗША стане першым старшынём рады, і ёй будзе даручана спрыяць міру ва ўсім сьвеце і працаваць над вырашэньнем канфліктаў.

У статуце гаворыцца, што дзяржавы-чальцы будуць мець трохгадовы тэрмін паўнамоцтваў, калі яны не заплацяць па 1 мільярдзе даляраў кожная для фінансаваньня дзейнасьці Рады і не атрымаюць статусу пастаяннага сябра.

Белы дом прызначыў дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё, спэцыяльнага пасланьніка Трампа Стыва Ўіткафа, былога прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі Тоні Блэйра і зяця Трампа Джарэда Кушнэра чальцамі заснавальніцкай выканаўчай рады ініцыятывы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Давосе падпісалі статут Рады міру, ініцыяванай Трампам. Што гэта такое і хто далучыўся

Якія краіны прынялі запрашэньне

Высокі чыноўнік Белага дому заявіў у сераду 21 студзеня, што з прыкладна 50 іншаземных лідэраў, якім былі адпраўленыя запрашэньні, каля 35 на сёньня забавязаліся далучыцца да Рады міру. Сярод іх саюзьнікі ЗША на Блізкім Усходзе — Ізраіль, Саудаўская Арабія, Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн, Ярданія, Катар і Эгіпет.

Чальцы NATO Турэччына і Вугоршчына, чые нацыяналістычныя лідэры падтрымліваюць добрыя асабістыя сувязі з Трампам, таксама пагадзіліся прыняць удзел, як як і Марока, Пакістан, Інданэзія, Косава, Узбэкістан, Казахстан, Парагвай і Віетнам. Сярод іншых, хто прыняў запрашэньне, — Армэнія і Азэрбайджан, якія дасягнулі мірнага пагадненьня пры пасярэдніцтве ЗША летась у жніўні пасьля сустрэчы іх лідэраў з Трампам у Белым доме.

Больш супярэчліва тое, што Аляксандар Лукашэнка, якога Захад доўга цураўся з прычын дрэннай сытуацыі з правамі чалавека ў яго краіне і падтрымкі ім вайны Расеі ва Ўкраіне, прыняў запрашэньне Трампа, дасланае ў часе шырэйшага збліжэньня паміж Вашынгтонам і Менскам.

Расея, адносіны якой з Вашынгтонам таксама палепшыліся, пакуль не заявіла, што далучыцца да Рады міру. Не заявіў гэтага і Кітай, які часта канфліктаваў з Трампам, але нядаўна заключыў з ЗША крохкае гандлёвае перамірʼе.

Расея і Кітай — сябры Рады бясьпекі Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў з правам вета, таму, імаверна, яны будуць асьцярожныя ў дачыненьні да ўсіх ініцыятываў, якія могуць быць успрынятыя як падрыў іх вядучай ролі ў гэтай сусьветнай арганізацыі. Трамп, які часта крытыкаваў ААН за неэфэктыўнасьць, на гэтым тыдні супакоіў устрывожанасьць тым, ці ня будзе спробы замяніць гэтую сусьветную арганізацыю Радай міру, заявіўшы:

«Я лічу, што вы павінны дазволіць ААН працягваць сваю дзейнасьць, бо патэнцыял вельмі вялікі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС: Трамп запрасіў Беларусь стаць сузаснавальніцай «Рады міру», Лукашэнка «ўспрыняў станоўча»

Якія краіны адмовіліся ці чакаюць

Ініцыятыва Рады міру, якая зьявілася падчас узмацненьня трансатлянтычнага расколу праз Грэнляндыю, тарыфы і іншае, выклікала асьцярожную рэакцыю некаторых блізкіх саюзьнікаў ЗША, якія часта адчуваюць дыскамфорт ад ваяўнічага, аднабаковага падыходу Трампа да міжнароднай дыпляматыі — «Амэрыка перадусім».

Нарвэгія і Швэцыя адхілілі яго запрашэньне, а міністар эканомікі Італіі Джанкарлё Джарджэці заявіў, што далучэньне да Рады выглядае праблематычным. Італьянская газэта Corriere della sera паведаміла, што далучэньне да групы, якую ўзначальвае лідэр адной краіны, парушыць Канстытуцыю Італіі.

Францыя таксама мае намер адмовіцца ад запрашэньня, паведаміла крыніца, блізкая да прэзыдэнта Эманюэля Макрона. Гэта падштурхнула Трампа прыгразіць увесьці тарыфы ў 200% на францускія віны і шампанскае, калі Парыж не далучыцца да яго Рады міру.

Канада заявіла, што «ў прынцыпе» пагадзілася далучыцца, але дэталі ўсё яшчэ не ўзгодненыя. Іншыя ключавыя саюзьнікі ЗША, у тым ліку Вялікая Брытанія, Нямеччына і Японія, пакуль не занялі выразнай публічнай пазыцыі, хоць прадстаўнік ураду ФРГ заявіў, што канцлер Фрыдрых Мэрц ня будзе прысутнічаць на цырымоніі падпісаньня статуту і ўхваленых рашэньняў Рады міру ў чацьвер на Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе.

Украіна заявіла, што яе дыпляматы вывучаюць запрашэньне, але прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі сказаў, што яму цяжка ўявіць сабе месца ў якой-небудзь радзе з Расеяй і Беларусьсю пасьля чатырох гадоў вайны.

Папа Леў, першы пантыфік з ЗША і крытык некаторых палітычных акцыяў Трампа, быў запрошаны далучыцца да Рады міру і ацэньвае прапанову, паведаміў Ватыкан 21 студзеня.