Дата дня
23 студзеня 1938 году ка́тамі НКВД быў расстраляны Вацлаў Ластоўскі, беларускі публіцыст і палітычны дзяяч. Філёляг, укладальнік і выдавец «Расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка», дырэктар Беларускага дзяржаўнага музэю, сакратар маладой Беларускай Акадэміі навук, пісьменьнік.
Таксама ў гэты дзень
1793 — другі падзел Рэчы Паспалітай. Кацярына II і Фрыдрых Вільгельм II падпісалі трактат, паводле якога да Прусіі адышлі землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія, за выняткам Мазавецкага ваяводзтва. Расея атрымала літоўскія землі да лініі Дзьвінск — Пінск — Збруч, усходнюю частку Палесься, украінскія вобласьці Падольле і Валынь.
1916 — Янка Купала ажаніўся з Уладзіславай Станкевіч.
Уладзіслава Луцэвіч (у дзявоцтве Станкевіч) і Янка Купала, 1916
1957 — разгром газэты «ЛіМ». Галоўны рэдактар Васіль Вітка і большасьць чальцоў рэдкалегіі былі звольненыя. Гэта адбылося пасьля артыкулу Л. Абэцэдарскага і А. Сідарэнкі ў «Звяздзе», які ўтрымліваў рэзкую крытыку тых, хто ў 1956 насьмеліўся выступаць за захаваньне гістарычнай архітэктуры Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: 1956 год, беларусы ўздымаюць галаву. Разгром абаронцаў і канец Замчышча1974 — быў заснаваны Пастаўскі краязнаўчы музэй.
1997 — утвораная Адміністрацыя прэзыдэнта Беларусі.
У гэты дзень нарадзіліся
1783 — Стэндаль, францускі пісьменьнік.
1832 — Эдуар Манэ, францускі мастак-імпрэсіяніст.
Эдуар Манэ, «Чыгунка» (1873)
1867 — Сьцяпан Рункевіч, беларускі гісторык царквы.
1901 — Хася Прусьліна, падпольніца ў Менскім гета, пасьля вайны дамаглася рэабілітацыі менскага падпольля.
У памяці
1565 — Генадзь Магілёўскі, будаўнік манастыроў і цэркваў у Масковіі, лічыцца беларускім сьвятым.
1600 — Юры Радзівіл, першы каталіцкі кардынал родам з ВКЛ.
1889 — Ігнат Дамейка, беларускі навуковец-геоляг, нацыянальны герой Чылі.
Памятная дошка ў Чылі, дзе доўгі час жыў Ігнат Дамейка
1981 — Вера Маслоўская, беларуская грамадзка-палітычная і культурная дзяячка, адна з пачынальніц беларускага школьніцтва на Беласточчыне.
1989 — Сальвадор Далі, гішпанскі мастак.
Сальвадор Далі
2007 — Рышард Капусьцінскі, польскі пісьменнік і журналіст.
Калі тваё сэрца боль разьдзірае
пачынаеш адчуваць сэрца
калі твае вочы сьлепнуць
пачынаеш адчуваць вочы
калі твая памяць тоне ў цемры
пачынаеш адчуваць памяць
адкрываеш сябе ўсяго
ўвесь у сумненьнях
але існуеш
праз аднаўленьне існасьці
2010 — Уладзімер Марук, паэт.
Баба Паланея. Дзед Міхась.
Вы яшчэ прасілі ласкі ў бога,
Я ж не да яго шапчу, да вас —
Столькі ўзяў я вашага зямнога.
Ды, відаць, зямлі не давяраў,
Так, як вы, Міхась і Паланея...
Лапік той, што конік ваш араў,
Зараз пераворвае завея.
2018 — Міхал Анемпадыстаў, мастак і паэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Простыя словы. Сёньня Міхалу Анемпадыставу было б 60 гадоў2023 — Эдуард Лобаў, загінуў у выніку раненьня падчас бою з расейскімі войскамі. Рада БНР пасьмяротна ўзнагародзіла яго мэдалём ордэна Пагоні.
Эдуард Лобаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памерці, каб вярнуцца. Гісторыі беларусаў, якім можна прыехаць на радзіму толькі пасьля сьмерці