Новая кіраўніца Дэпартамэнту міграцыі Літвы: «Сам факт наяўнасьці ў нас пэўных зьвестак пра чалавека можа быць засакрэчаны»

У Дэпартамэнце міграцыі Літвы

У пачатку 2026 году ў Дэпартамэнце міграцыі Літвы — арганізацыі, пра якую часта гавораць мясцовыя беларусы — адбыліся зьмены на пасадзе кіраўніцы ўстановы.

Замест Эвэліны Гудзінскайце ўстанову ачоліла Індра Гаспэрэ. Да гэтага яна шмат гадоў працавала ў Міністэрстве ўнутраных спраў, займаючыся прававымі і адміністрацыйнымі пытаньнямі, у тым ліку міграцыйнай палітыкай і прававым статусам замежных грамадзян. У размове з LRT новая кіраўніца Дэпартамэнту міграцыі расказала пра падыходы да міграцыйнай палітыкі. Шмат пытаньняў тычыліся й грамадзянаў Беларусі.

Адно з пытаньняў задалі пра выдачу пашпарту замежніка.

«Пашпарт замежніка выдаецца толькі тым, хто сапраўды ня можа вярнуцца ў сваю краіну або атрымаць нацыянальны пашпарт. Гэта тычыцца невялікай групы людзей. Напрыклад, у 2024 годзе было выдадзена 216 замежных пашпартоў, зь якіх 155 — грамадзянам Беларусі. Гэта з 50 000 беларусаў, якія прыяжджаюць у Літву. Паводле пакуль непацьверджаных зьвестак, у 2025 годзе было выдадзена каля 300 пашпартоў, 249 зь іх — грамадзянам Беларусі. На фоне дзясяткаў тысяч беларусаў, якія жывуць у Літве, гэта невялікая колькасьць. Калі чалавек не палітычны ўцякач, яму не пагражае турэмнае зьняволеньне ў Беларусі, ён рэгулярна наведвае Беларусь і можа атрымаць грамадзянскі пашпарт, няма падстаў для выдачы пашпарту замежніка ў Літве», — адказала Гаспэрэ.

Адмову ў выдачы або працягу дазволу на жыхарства людзям даюць, калі літоўскія спэцслужбы вызначылі асобу як «пагрозу нацыянальнай бясьпецы». Ёсьць і тыя, хто маючы дазвол на часовае пражываньне, насамрэч больш часу праводзіць у іншай дзяржаве.

Гаспэрэ адзначыла, што ў судзе Дэпартамэнт чакаюць каля 220 судовых разглядаў, большасьць якіх тычыцца непрацягнутых дазволаў. Але паводле статыстыкі, зазначае яна, дзяржаўная ўстанова перамагае ў судах у 80% падобных выпадкаў. Многія такія пазовы пададзеныя беларусамі, якіх выведка Літвы прызнала небясьпечнымі праз колішнюю працу ў спэцслужбах або на прадпрыемствах, зьвязаных зь імі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міграцыйны дэпартамэнт Літвы ануляваў дазвол на жыхарства беларусу, які абразіў у Youtube літоўцаў

У большасьці выпадкаў іншаземцам раяць пачаць займацца падаўжэньнем свайго дазволу на жыхарства за паўгода да заканчэньня папярэдняга. Людзям прапануюць анкету, у якой ёсьць пытаньні пра стаўленьне да расейскай палітыкі, Крыму і так далей. Здараюцца выпадкі, калі чалавек пазначае ў дакумэнтах, што служыў у міліцыі, а пазьней выведка высьвятляе, што службу ён нёс у сакрэтным падразьдзеле. Акрамя таго, ёсьць былыя службоўцы падобных устаноў, якія рэгулярна езьдзяць у краіну паходжаньня. Дакладныя ж крытэры спэцслужбаў да кожнай з адмоваў не падлягаюць публікацыі.

«Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна — з улікам сямейнага становішча, наяўнасьці дзяцей, узроўню інтэграцыі ў літоўскае грамадзтва. Гэтыя рашэньні даюцца няпроста. Фактычна ацэньваецца, дзе знаходзіцца цэнтар жыцьця чалавека: у Літве — зь сям’ёй, сябрамі і сацыяльным асяродзьдзем — ці ў краіне паходжаньня, куды ён увесь час вяртаецца і дзе засяроджанае яго сацыяльнае жыцьцё. Усе гэтыя чыньнікі ўлічваюцца, нават калі заяўнік іх ня бачыць ці не ўсьведамляе.

Частка інфармацыі адносіцца да дзяржаўнай таямніцы. Нават сам факт наяўнасьці ў нас пэўных зьвестак пра чалавека можа быць засакрэчаны. Таму мы не заўсёды маем магчымасьць раскрываць усе матывы прынятага рашэньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве праз пагрозу нацыянальнай бясьпецы анулявалі дазвол на жыхарства былой супрацоўніцы «Белавія»

Таксама Індра Гаспэрэ адзначыла, што іншаземцы, якім адмовілі, часьцяком гавораць у судах і журналістам пра нейкія нязначныя акалічнасьці сваёй справы, а насамрэч Дэпартамэнт міграцыі мае больш важкія падставы адмовы, пра што замежнікі публічна не гавораць.

Адказала чыноўніца і на пытаньне пра дзяцей.

«Дзіця, якое нараджаецца ў Літве ў бацькоў з часовым дазволам на жыхарства, атрымлівае часовы дазвол на жыхарства, зьвязаны са статусам бацькоў. Яго прававы статус такі самы, як у любога іншага замежніка з ДНЖ. Пры разглядзе рашэньняў мы заўсёды ацэньваем усю сям’ю. Наяўнасьць дзіцяці можа быць дадатковым аргумэнтам на карысьць дазволу на пражываньне для іншых сямейнікаў. Магчымасьць атрыманьня ДМЖ залежыць ад выкананьня агульных умоў, прадугледжаных законам».

Згодна з законам аб прававым статусе іншаземцаў, замежнікі, якія ўжо маюць дазвол на жыхарства, могуць запрашаць да сябе мужа ці жонку і дзяцей. Гаспэрэ адказала, як гэтая працэдура будзе рэалізоўвацца на практыцы.

«Такая магчымасьць ёсьць не ва ўсіх. Існуе шмат розных крытэраў, якім павінны адпавядаць як самі замежнікі, гэтак і іх другая палова. Як правіла, іншаземец павінен пражыць у Літве ня менш за тры гады, мець стабільны даход і рэсурсы для ўтрыманьня сям'і, а таксама пацьвердзіць, што шлюб або адносіны не зьяўляюцца фіктыўнымі. Таксама ацэньваецца стабільнасьць працоўнай дзейнасьці: на працягу двух гадоў дапускаецца ня больш за дзьве зьмены працадаўцы. Калі чалавек часта мяняе працу і не дэманструе фінансавае ўстойлівасьці, здольнасьць утрымліваць сям’ю — гэта можа стаць падставай для адмовы ва ўзьяднаньні сям'і.

Таксама пры разглядзе заяў ацэньваецца крымінальная гісторыя, магчымыя рызыкі для дзяржаўнай бясьпекі, а таксама мэдыцынскія паказьнікі, уключна з інфэкцыйнымі хваробамі, якія могуць несьці пагрозу грамадзкаму здароўю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Літве абмяркоўваюць «засільле» расейскай мовы ў Вільні

Часта беларусы, якім адмаўляюць у дазволе на жыхарства, не разумеюць падобнай палітыкі Літвы, якая, падобна шэрагу эўрапейскіх краінаў, мае дэмаграфічныя праблемы, старэньне і зьмяншэньне насельніцтва. Гаспэрэ прызнае, што дэмаграфічныя выклікі сапраўды існуюць, «але няма правіла, што чалавек можа прыехаць і атрымаць дазвол на пражываньне толькі таму, што ён абяцае завесьці сям’ю». Паводле яе, «Літва захоўвае за сабой права самастойна вырашаць, якіх мігрантаў і на якіх умовах прымаць зыходзячы зь дзяржаўнай палітыкі і інтарэсаў бясьпекі».

Чыноўніца мяркуе, што ў Літве дастаткова магчымасьцяў вывучыць літоўскую мову: існуюць «міграцыйныя цэнтры», курсы пры ўнівэрсытэтах, муніцыпальныя праекты, онлайн-плятформы і праграмы для самастойнага навучаньня. На яе думку, «матываваныя замежнікі актыўна вучаць мову, у тым ліку да ўзроўню В1», а віленскае самакіраваньне, напрыклад, рэалізуе праграму «Vilnius Helps».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ўсё радзей зьвяртаюцца па прытулак у Літве