Колькасьць журналістаў, якія знаходзяцца ў турмах па ўсім сьвеце за сваю працу, склала 330 у апошні месяц 2025 года, паведаміў у міжнародны Камітэт абароны журналістаў (CPJ). Гэта ўжо пяты год запар, калі колькасьць перавышае 300.
Паводле падлікаў гэтай арганізацыі па стане на 1 сьнежня 2025 у Кітаі было 50 зьняволеных журналістаў, за ім ідуць М’янма з 30 і Ізраіль, які затрымаў 29 палестынскіх журналістаў, гаворыцца ў штогадовай справаздачы Камітэта абароны журналістаў.
Далей ідзе Расея з 27 зьняволенымі журналістамі, з якіх пяць зьяўляюцца ўкраінцамі, затым Беларусь з 25 зьняволенымі журналістамі і Азэрбайджан з 24, паведаміў Камітэт абароны журналістаў.
Гэта трэці па велічыні паказчык, зафіксаваны Камітэтам абароны журналістаў з 1992 году, і крыху менш за рэкордныя 384 журналісты, якія знаходзіліся ў турмах за сваю працу ў канцы 2024 года.
«Гэтыя рэкордныя лічбы адлюстроўваюць узмацненьне аўтарытарызму і эскаляцыю ўзброеных канфліктаў ва ўсім сьвеце», — гаворыцца ў справаздачы Камітэту абароны журналістаў.
Нью-ёркская няўрадавая арганізацыя таксама заявіла, што амаль палова зьняволеных журналістаў не была асуджаная. З тых, хто быў асуджаны, больш за траціну адбывалі пакараньне ў турмах на тэрмін больш за пяць гадоў.
Паводле інфармацыі CPJ, амаль траціна затрыманых журналістаў падвергліся «жорсткаму абыходжаньню», у тым ліку 20 працэнтаў заявілі аб катаваньнях або зьбіцьці.
«З 25 журналістамі ў турмах Беларусь апусьцілася з месца найгоршага турэмшчыка ў рэгіёне на другое месца, хоць рэпрэсіі супраць прэсы працягваюцца, што разглядаецца як помста за асьвятленьне спрэчнага перавыбраньня Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе. Многія прадстаўнікі прэсы знаходзяцца ў выгнаньні і да гэтага часу сутыкаюцца з крымінальнымі абвінавачваньнямі», — гаворыцца ў справаздачы CPJ.
Паводле БАЖ, у зьняволеньні ў Беларусі застаюцца 28 прадстаўнікоў СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь трапіла на 4‑е месца ў сьвеце па колькасьці зьняволеных журналістаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арганізацыя Justice for Journalists апублікавала даклад пра зьняволеных журналістаў, у тым ліку беларускіх ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 30-годзьдзя БАЖ у Вільні прайшла канфэрэнцыя, прысьвечаная будучыні беларускай журналістыкі