Грамадзянку Індыі падманулі пры ўладкаваньні на працу ў Беларусі, у МУС зьняпраўдзілі

Грамадзянка Індыі Мінабен Джошы, якую падманулі з працай у Беларусі. Скрын зь відэазапісу МУС Беларусі

Грамадзянка Індыі Мінабен Джошы заявіла, што яе завабілі ў Беларусь выгаднай прапановай працы, але падманулі, і яна ня мае грошай, каб вярнуцца дадому.

Як паведаміла індыйскае выданьне bhaskarenglish.in, агент абяцаў Мінабен Джошы, што яна будзе працаваць на пакаваньні садавіны і атрымліваць разам з прэміяй па 90 тысяч рупій штомесяц (амаль 3 тысячы беларускіх рублёў).

Мінабен Джошы паведаміла, што ў Беларусі ў яе не было ежы, жыльля і падтрымкі. Яе прымусілі даглядаць за жывёлай і «пасялілі ў кароўніку за 350-400 кілямэтраў ад Менску». «Шмат людзей апынуліся тут у пастцы», — расказала яна. Грамадзянка Індыі спрабавала зьвязацца з агентам, ён яе заблякаваў.

Жанчына сьцьвярджала, што яна працавала прыблізна тыдзень і ледзь спраўлялася з умовамі жыцьця. За працаўладкаваньне ў Беларусі яна заплаціла грошы агентам з індыйскай кампаніі, а каб даехаць да Беларусі вымушана была здаць у лямбард усе свае ювэлірныя ўпрыгожваньні.

У Індыі ў жанчыны засталіся трое дзяцей. Яе муж памёр, а яна страціла працу на алмазнай вытворчасьці. Як расказалі выданьню яе сваякі, Мінабен Джошы не магла аплочваць больш навучаньне дзяцей, таму вырашыла зьехаць за мяжу ў пошуках працы і стабільнага заробку.

Журналісты індыйскага выданьня зьвязаліся з уласьнікам кампаніі Gajanan Overseas, якая займалася працаўладкаваньнем жанчыны. Ён заявіў, што Мінабен нібыта «праявіла халатнасьць на працы, і абяцаў, што гатовы вярнуць яе цягам 2-4 дзён».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызваленыя з працоўнага рабства ў Гішпаніі беларусы хочуць вярнуцца дамоў

Як адрэагавалі ўлады Беларусі

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі назвалі гэтую гісторыю фэйкам.

«Супрацоўнікі Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі высьветлілі: у лістападзе мінулага году 38-гадовая іншаземка прыбыла ў Беларусь з мэтай працаўладкаваньня. На падставе кантракту з сельсгаспрадпрыемствам ёй выдалі дазвол на часовае пражываньне ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама выдзелілі жылое памяшканьне ў цагляным будынку з усімі выгодамі», — адзначылі ў МУС Беларусі.

Паводле МУС, жанчына адпрацавала толькі 8 дзён і спыніла працоўныя дачыненьні з працадаўцам. «Адпаведна, дазвол на часовае пражываньне анулявалі. Вядома, што жанчына пасьля гэтага выяжджала ў Расею, потым вярнулася ў Беларусь», — удакладнілі ў ведамстве.

Цяпер грамадзянка Індыі нібыта атрымала ўсю неабходную дапамогу, у тым ліку зьвязаную зь вяртаньнем дадому, а сілавыя структуры пачалі праверку абставінаў яе знаходжаньня ў Беларусі.

«Высьвятляюцца ўсе датычныя асобы, уключна з працадаўцамі і пасярэднікамі яе працаўладкаваньня, іх дзеяньням дадуць прававую ацэнку», — адзначылі ў МУС.

Асобна сілавікі падкрэсьлілі, што распаўсюджаная ў інтэрнэце інфармацыя «пра працоўнае рабства» ў Беларусі не знайшла пацьвярджэньня і папярэдзілі аб адказнасьці за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі.

У той жа час, у апублікаваным МУС відэазапісе Мінабен Джошы паўтарыла ўсю інфармацыю, якую апублікавала індыйскае выданьне. Асобна яна падзякавала беларускім міліцыянтам за дапамогу, якую яны ёй надаюць цяпер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША дадалі Беларусь у сьпіс дзяржаў, якія займаюцца гандлем людзьмі