У Менску зафіксавалі значнае павышэньне ўзроўню забруджваньня паветра

Неба над Менскам, архіўны здымак

Паводле Белгідрамэту, якасьць паветра ў Менску агулам застаецца ў межах нормы, але раніцай 20 студзеня ў чатырох раёнах сталіцы было зафіксавана значнае павышэньне канцэнтрацыі аксіду азоту.

За дзень да гэтага, 19 студзеня, не было зафіксавана перавышэньняў гранічна дапушчальных канцэнтрацый (ГДК) забруджвальных рэчываў. Аднак да раніцы аўторка становішча зьмянілася, піша «Менск-навіны».

Аўтаматычныя станцыі маніторынгу, разьмешчаныя на праспэкце Незалежнасьці, вуліцах Ціміразева і Радыяльнай, а таксама ў мікрараёне Ўручча, паказалі павышэньне ўзроўню забруджваньня. Максымальныя аднамомантавыя канцэнтрацыі аксіду азоту дасягнулі 2,5 ГДК.

Адмыслоўцы Рэспубліканскага цэнтру гідрамэтэаралёгіі тлумачаць гэта як натуральную зьяву — паверхневую інвэрсію. Пры такіх мэтэаралягічных умовах утвараюцца паветраныя слаі, якія перашкаджаюць расьсейваньню выкідаў і спрыяюць назапашваньню забруджвальных рэчываў каля зямлі.

Асноўнымі крыніцамі аксіду азоту ў горадзе называюць аўтатранспарт і прамысловыя прадпрыемствы.

Празь неспрыяльныя мэтэаралягічныя ўмовы «Белгідрамэт» ужо накіраваў папярэджаньні буйным прамысловым і транспартным прадпрыемствам гораду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тарантулы, шакалы і ўласны вінаград. Як глябальнае пацяпленьне можа зьмяніць Беларусь


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Закрыцьцё няўрадавых арганізацый і санкцыі нэгатыўна ўплываюць на экалёгію Беларусі, — дасьледаваньне