Ціханоўская ў Давосе: «Безь міжнароднай ізаляцыі рэжым Лукашэнкі не пачаў бы вызваляць палітвязьняў»

Сьвятлана Ціханоўская ўдзельнічае ў дыскусіі на Міжнародным эканамічным форуме ў Давосе (Швайцарыя), 21 студзеня 2026 году

Сьвятлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у міжнародным брыфінгу «Ці здольная Расея падтрымліваць ваенную эканоміку?», які прайшоў у межах Міжнароднага эканамічнага форуму ў Давосе (Швайцарыя).

Як адзначаецца ў яе Telegram-канале, брыфінг быў прысьвечаны палітычным і бясьпекавым наступствам расейскай ваеннай эканомікі для Эўропы. У брыфінгу таксама ўдзельнічалі прэм’ер-міністар Малдовы Александру Мунцяну, міністарка замежных справаў Румыніі Оана-Сільвія Цою, а таксама міністар замежных справаў Нідэрляндаў Давід ван Вээл.

У дыскусіі асноўная ўвага была сфакусаваная на эфэктыўнасьці санкцыяў, іх уплыву на здольнасьць Расеі весьці вайну, на рашэньнях, якія могуць ухваліць эўрапейскія лідэры.

Адказваючы на пытаньне пра частковае зьмякчэньне санкцыяў ЗША, Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што гэтыя санкцыі накіраваныя на вызваленьне людзей і могуць зьмякчацца пры спыненьні рэпрэсіяў, у той час як санкцыі Эўрапейскага Зьвязу значна мацнейшыя і павінны заставацца ў сіле да дасягненьня доўгатэрміновых зьменаў — спыненьня ўдзелу рэжыму ў вайне супраць Украіны, аднаўленьня сувэрэнітэту Беларусі і яе ператварэньня ў дэмакратычную краіну.

«Бяз санкцыяў і міжнароднай ізаляцыі рэжым Лукашэнкі не пачаў бы вызваляць палітычных зьняволеных. Ён робіць гэта не з гуманнасьці — санкцыі б’юць, ізаляцыя б’е, і ён разумее, што апынуўся ў глухім куце. Менавіта таму ён гатовы аддаваць нават сваіх самых небясьпечных апанэнтаў у абмен на палёгку», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

У той жа час, паводле яе, істотнае зьмякчэньне санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі можа ўзмацніць Расею.

«Зьняцьце або істотнае зьмякчэньне санкцыяў супраць рэжыму небясьпечнае, бо яно беспасярэдне ўзмацняе Расею: беларуская эканоміка працуе на расейскую ваенную машыну, Беларусь выкарыстоўваецца як шлях абыходу санкцыяў, а яе прадпрыемствы ўдзельнічаюць у вытворчасьці ўзбраеньняў», — дадала Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская ўдзельнічае ў Міжнародным эканамічным форуме ў Давосе чацьвёрты раз. Перад гэтай паездкай паведамлялі, што на сустрэчах у межах форуму яна плянуе акцэнтаваць тры тэмы: будучыня Беларусі, рэгіянальная бясьпека і спыненьне рэпрэсіяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС: Трамп запрасіў Беларусь стаць сузаснавальніцай «Рады міру», Лукашэнка «ўспрыняў станоўча»