У камунальнай службе Менску паведамілі аб аднаўленьні забесьпячэньня цяплом у двух раёнах гораду

Аднаўленчыя працы на цеплатрасе 20 студзеня 2026 году. Скрын зь відэазапісу кампаніі «Мінскэнэрга»

Жыхары некалькіх вуліц у Фрунзэнскім і Кастрычніцкім раёнах сталіцы больш за два дні былі безь цяпла.

У камунальных службах Менску паведамілі аб завяршэньні асноўных аднаўленчых работ на пашкоджаным участку цеплатрасы.

Як адзначылі ў рэпартажы на дзяржаўным тэлеканале «Першы інфармацыйны», «энэргетыкі працавалі ўсю ноч» і «цяпер адбываецца працэс запаўненьня трубаправоду сеткавай вадой для ўключэньня цепламагістралі».

У той жа час, як вынікае з рэпартажу, месца аварыі дагэтуль не засыпана зямлёй і застаецца агароджаным. Працу рамонтнікаў, як адзначаецца ў паведамленьні, ускладняў мароз мінус 17 градусаў.

Намесьнік дырэктара жыльлёва-камунальнай гаспадаркі № 1 Маскоўскага раёну Менску Дзяніс Фёдараў сказаў, што «аднаўленьне сыстэмаў забесьпячэньня цяплом жылых дамоў завяршылі».

«Мы своечасова арганізавалі работы для выпусканьня паветраных коркаў з сыстэмаў ацяпленьня, выканалі захады для аднаўленьня тэмпэратурных рэжымаў у кватэрах спажыўцоў. Таксама своечасова апрацоўваюцца адзінкавыя заяўкі, якія атрымліваюць дыспэтчарскія службы. Да канца гэтага тыдня будзе арганізаваная тэлефонная лінія, на якую ідуць адзінкавыя звароты грамадзян з прычыны недастатковага прагрэву сушылак, ацяпляльных прыладаў, а таксама адзінкавыя заяўкі аб браку ацяпленьня ў асобных пакоях. Гэтыя заяўкі своечасова і апэратыўна апрацоўваюць нашы спэцыялісты ў цэладзённым рэжыме», — сказаў Дзяніс Фёдараў.

Пасьля аварыі 19 студзеня на адной зь менскіх цепламагістраляў зьнікла цяпло ў Фрунзэнскім (вуліцы Шаранговіча, акадэміка Фёдарава, Скрыпнікава, Лабанка) і Кастрычніцкім (вуліца Чкалава) раёнах.

20 студзеня пачалі дэмантаж пашкоджанага ўчастку цеплатрасы і ўсталяваньне новага кампэнсаторнага трубаправоду. На аднаўленьні цеплатрасы, згодна з афіцыйнымі паведамленьнямі, працавалі больш за 170 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пасьля аварыі ў жылых дамах двух раёнаў другі дзень няма цяпла