ЗША захапілі сёмы танкер у Карыбскім моры

Службовец амэрыканскай берагавой аховы назірае за танкерам Bella, захопленым аховаю. 7 студзеня 2026 году

У аўторак 20 студзеня амэрыканскія вайскоўцы захапілі яшчэ адзін танкер непадалёк ад берагоў Вэнэсуэлы.

Танкер Sagitta з грузам вэнэсуэльскай нафты на борце — сёмы, затрыманы з пачатку сьнежня амэрыканскай берагавой аховай у рамках апэрацыі блякады танкераў, якія парушаюць санкцыі.

У заяве Паўднёвага камандаваньня Ўзброеных сілаў ЗША гаворыцца, што «затрыманьне чарговага танкера, які парушыў карантын, уведзены прэзыдэнтам Трампам для караблёў пад санкцыямі, дэманструе нашу рашучасьць дабіцца таго, каб з Вэнэсуэлы вывозілася нафта, экспарт якой скаардынаваны і законны».

Паводле Associated Press, танкер Sagitta ходзіць пад сьцягам Лібэрыі, а яго ўладальнік — кампанія з Ганконгу. Ён падлягае амэрыканскім санкцыям, уведзеным пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

Транспондэр танкера, які перадае месца яго знаходжаньня, быў адключаны. Апошні раз яго ўключалі два месяцы таму, калі вадаплаў пакідаў Балтыйскае мора, паведамляе Расейская служба Радыё Свабода.

Прадстаўнікі адміністрацыі Дональда Трампа ня раз заяўлялі, што яны мерацца выкарыстоўваць выручку ад продажу сканфіскаванай нафты для аднаўленьня нафтавай інфраструктуры Вэнэсуэлы.

Прэзыдэнт ЗША у аўторак абʼявіў, што ЗША ўжо атрымалі 50 мільёнаў барэляў вэнэсуэльскай нафты, якая прадаецца на ўсясьветных рынках і «спрыяе значнаму падзеньню цэнаў нафты».