Самалёт Трампа вярнуўся на базу праз тэхнічныя праблемы. Яго візыт у Давос не скасавалі

Дональд Трамп. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнцкі самалёт, на якім прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вылецеў у Швайцарыю для ўдзелу ва Ўсясьветным эканамічным форуме, неўзабаве пасьля ўзьлёту вярнуўся на вайсковую базу Эндрус праз «дробную праблему з электрычнасьцю».

Па словах прэсавай сакратаркі Белага дома Кэралайн Левіт, экіпаж прыняў рашэньне вярнуцца на базу «зь меркаваньняў перасьцярогі» неўзабаве пасьля ўзьлёту. У самалёце не працавалі некалькі асьвятляльных прыбораў. Прэзыдэнт ЗША вылеціць у Швайцарыю на іншым самалёце.

Дональд Трамп і чальцы ягонага кабінэту плянуюць у Давосе сустрэчы з эўрапейскімі лідэрамі. Чакаецца, што асноўнай тэмай абмеркаваньняў будзе сытуацыя вакол Грэнляндыі, якую, як заяўляе Трамп, ЗША павінны ўзяць пад свой кантроль зь меркаваньняў бясьпекі.

Прэзыдэнт Трамп неаднаразова наракаў на стан прэзыдэнцкага самалёта Boeing-747, які служыць у якасьці прэзыдэнцкага з 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Кампанія Boeing атрымала замову на вытворчасьць двух новых прэзыдэнцкіх самалётаў некалькі гадоў таму, але іх пастаўка не чакаецца да канца прэзыдэнцкага тэрміна Дональда Трампа.

Летась адміністрацыя Трампа прыняла ў якасьці падарунка ад урада Катара новы Boeing-747-8. Але яго мадэрнізацыя для выкарыстаньня ў якасьці прэзыдэнцкага самалёта можа заняць шмат часу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Трамп прапануе «альтэрнатыву ААН»: пастаяннае сяброўства — за мільярд даляраў