Але 20 студзеня на шэрагу вуліц ў Фрунзэнскім і Кастрычніцкім раёнах сталіцы батарэі застаюцца халоднымі і рамотныя працы працягваюцца.
Пасьля аварыі 19 студзеня на адной зь менскіх цепламагістраляў другі дзень няма цяпла ў Фрунзэнскім (вуліцы Шаранговіча, акадэміка Фёдарава, Скрыпнікава, Лабанка) і Кастрычніцкім (вуліца Чкалава) раёнах.
Там у жылых дамах батарэі халодныя дагэтуль, піша «Мінская праўда».
На раніцу 20 студзеня ў Менску працягваўся дэмантаж пашкоджанага ўчастка цеплатрасы. Павінны замяніць кампэнсатар трубаправода, паведамілі ў Мінэнэрга. Усё яшчэ не адноўлены нармальны рэжым ацяпленьня.
Аварыйныя брыгады вядуць аднаўленчыя работы ў кругласутачным рэжыме, энэргетыкі бесьперапынна працавалі ноччу, было прыцягнута больш за 170 чалавек.
Уначы тэмпэратура ў Менску апускалася да -19°С. З улікам разьмяшчэньня пашкоджанага ўчастка складана ўжываць спэцтэхніку – шэраг тэхналягічных апэрацый выконваўся брыгадамі практычна ўручную.
«Прымаюцца ўсе неабходныя меры для больш хуткага завяршэньня работ і аднаўленьня нармальнага рэжыму цеплазабесьпячэньня спажыўцоў», – паінфармавалі ў міністэрстве.
Міністар энэргетыкі Дзяніс Мароз увечары 19 студзеня расказаў на ТГ-канале міністэрства, што аварыю цепласетак Менску зьліквідавалі, у 17:21 завершылі аднаўленьне воднага рэжыму цеплавой магістралі і ўключылі цыркуляцыйныя помпы для падачы цепланосьбіту ў цепламагістраль.
Міністар запэўніў, што неўзабаве цяпло зьявіцца ўва ўсіх менскіх кватэрах.
Каля 6-й гадзіны раніцы 19 студзеня «Менскэнэрга» паведаміла, што праз пашкоджаньне на ўчастку № 41 цэнтральнага ацяпленьня «тэмпэратура цепланосьбіта зьнізілася для некаторых спажыўцоў» у Фрунзэнскім, Маскоўскім, Цэнтральным, Савецкім і Кастрычніцкім раёнах Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Частка жыхароў Менску ўначы засталася без ацяпленьня. Улады абяцаюць за некалькі гадзін аднавіць сыстэму ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жодзіне некалькі гадзін не было ацяпленьня ў частцы гораду — прарвала цеплатрасу