Міжнародная арганізацыя міграцыі палічыла, колькі людзей, у тым ліку беларусаў, жывуць па-за межамі сваіх краін

Сустрэча беларусаў Варшавы зь Сьвятланай Ціханоўскай. Ілюстрацыйнае фота, 2025 год

Амаль 800 тысяч беларусаў — мігранты.

Міжнародная арганізацыя міграцыі (International Organization for Migration, IOM), структурны орган ААН, пачынаючы з 2000 году што два гады выпускае даклады аб міграцыі ў сьвеце, каб паглыбляць разуменьне працэсаў міграцыі і мабільнасьці.

Даклад аб міграцыі ў сьвеце за 2024 год — адзінаццаты ў сэрыі.

Поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе прывяло да аднаго з найбольшых крызысных перамяшчэньняў насельніцтва з часоў Другой усясьветнай вайны. Да канца 2022 году каля 5,7 мільёна ўкраінцаў мусілі пакінуць сваю краіну, што зрабіла Ўкраіну другой паводле колькасьці ўцекачоў краінай у сьвеце пасьля Сырыі. У 2021 годзе Ўкраіна была краінай паходжаньня для крыху больш за 27 000 уцекачоў, паведамляе IOM.

  • Паводле ацэнак IOM за 2024 год, колькасьць беларускіх эмігрантаў складала каля 790,2 тысячы чалавек, або 8,7% ад агульнай колькасьці насельніцтва. У сусьветным рэйтынгу колькасьці грамадзян, якія жывуць за мяжой, Беларусь займае 73-е месца.
  • Украіна займае 4-е месца ў сьвеце ў колькасьці эмігрантаў: за межамі краіны жывуць каля 9,8 млн грамадзян, або 25,08% яе насельніцтва.
  • Расея знаходзіцца на 5-м месцы зь лічбай 9,1 млн чалавек, доля эмігрантаў складае 6,3%.
  • Польшча займае 15-е месца — за мяжой жывуць 4,6 млн палякаў, або 11,9% яе насельніцтва.
  • Літва на 105-м месцы: за межамі краіны жывуць 459,3 тысячы чалавек, што складае 16,01% насельніцтва, паведамляе вынікі аналізу дакладу IOM рэсурс thinkthanks.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: у 2023 годзе загінула найбольшая колькасьць мігрантаў за 10 гадоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Забарона вярнуцца на радзіму — самае страшнае, што адбылося з намі». Першае інтэрвію з Аляксандрам Фядутам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла кніга аповедаў беларускіх уцекачоў ад рэпрэсіяў пасьля падзеяў 2020 году