Як адзначаецца ў дакумэнце, апублікаваным на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі, Кітай вылучыць Беларусі «адпаведна патрэбам» тэхніка-эканамічную дапамогу ў памеры 300 мільёнаў кітайскіх юаняў (амаль 43 мільёны даляраў у эквіваленце. — РС).
Гэтую дапамогу плянуюць выкарыстаць «для рэалізацыі праектаў, узгодненых бакамі, уключна зь невялікімі і прыгожымі праектамі зь невялікімі аб’ёмамі дапамогі, што характарызуюцца кароткімі тэрмінамі рэалізацыі і сацыяльнай накіраванасьцю».
Дамову падпісалі 9 сьнежня 2025 году ў Менску.
Кітай не даваў Беларусі крэдытаў шэсьць апошніх гадоў. Апошні кітайскі крэдыт Беларусь атрымала ў сьнежні 2019 году: 500 мільёнаў даляраў на рэфінансаваньне доўгу Маскве.
Летась Беларусь атрымала доступ да кітайскіх грошай. Раней кітайскі ўрад даваў пазыкі для рэалізацыі праектаў у індустрыяльным парку «Вялікі Камень», а таксама безаплатную дапамогу на рэалізацыю праграмы аховы лясоў.
Празь міжнародныя санкцыі, уведзеныя за фальсыфікацыю вынікаў выбараў у 2020 годзе і падтрыманьне расейскай агрэсіі супраць Украіны, Беларусь страціла доступ да замежных пазык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай выдзеліць Беларусі грашовую дапамогу на ахову лясоў ад пажараў