Лукашэнка падпісаў указ аб падтрымцы БРСМ. Некаторыя яго палажэньні зноў засакрэцілі

Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб падтрымцы грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» (БРСМ).

Як вынікае з апублікаванага на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі дакумэнту, як і раней, тэрытарыяльныя органы БРСМ будуць фінансавацца зь мясцовых бюджэтаў.

У той жа час у апублікаваным тэксьце засакрэчаны пункт аб тым, на якія яшчэ мэты і зь якіх крыніц у 2026 годзе гэтая праўладная арганізацыя будзе атрымліваць фінансаваньне. Пункт пазначылі заўвагай «для службовага карыстаньня».

Такі ж грыф «для службовага карыстаньня» маюць зьмены ў разьмеркаваньні сродкаў на падтрымку студэнцкіх атрадаў і цэнтральнага камітэту БРСМ. Раней яны разьмяркоўваліся ў роўных частках — па 50 %.

Для арганізацый, якія прымаюць студэнцкія атрады, захаваюцца падатковыя ільготы — іх вызваляюць ад абавязковых для працадаўцаў страхавых складак на выпадак пэнсійнага ўзросту, інваліднасьці і страты карміцеля ў бюджэт Фонду сацыяльнай абароны ў частцы выплат, налічаных на карысьць удзельнікаў студэнцкіх атрадаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз ухваліў 14-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі. У яго трапілі БРСМ і БелОМА

У Беларусі з 2020 году ўлады зьліквідавалі тысячы грамадзкіх арганізацыяў і ўхвалілі закон «Аб асновах грамадзянскай супольнасьці», які стварае асаблівыя ўмовы дзейнасьці для арганізацыяў, створаных дзяржавай, — «Белай Русі», БРСМ, Беларускага саюзу жанчын, Фэдэрацыі прафсаюзаў і аб’яднаньня вэтэранаў.

БРСМ стварылі ў 2002 годзе. Паводле рознай інфармацыі, у шэраг арганізацыі ўваходзяць амаль паўмільёна маладых людзей. Сябры арганізацыі ўдзельнічаюць у перавыхаваньні ўкраінскіх дзяцей, якіх Расея незаконна вывезла з захопленых тэрыторыяў Украіны. Супраць БРСМ дзейнічаюць міжнародныя санкцыі.

У адкрытых крыніцах паведамляецца, што ў 2011 годзе (да дэнамінацыі 2016 году. — РС) БРСМ атрымаў 20,5 мільярда рублёў, што тады складала 98% ад усіх сродкаў, якія дзяржава вылучала на моладзевую палітыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БРСМ і сьвятары, канцэрты й капшукі з роднай зямлёй. Як у Беларусі юнакоў адпраўлялі на службу ў армію