Міністар энэргетыкі Дзяніс Мароз расказаў на ТГ-канале міністэрства, што аварыю на цепласетках Менска ліквідавалі:
«У 17.21 аднаўленьне воднага рэжыму цеплавой магістралі было завершана і ўключаны цыркуляцыйныя помпы для падачы цепланосьбіта ў цепламагістраль. Такім чынам, можна казаць аб тым, што цепланосьбіт падаецца ў сыстэму горада Менска. Супрацоўнікамі Міністэрства энэргетыкі, аварыйнымі брыгадамі сумесна са службамі ЖКГ вядуцца работы па запуску сыстэмаў цеплазабесьпячэньня ў дамах. Упэўнены, што найбліжэйшым часам цяпло зьявіцца ва ўсіх кватэрах горада Менска».
Міністар заявіў, што дадаткова, на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі «прыняты меры па абмежаваньні рэжымаў работы сыстэм цеплазабесьпячэньня ў пэрыяды моцных замаразкаў для таго, каб забясьпечыць іх запас трываласьці і не дапускаць такіх сытуацый у будучыні».
Жыхары Менску ў сацсетках дзеляцца паведамленьнямі — некаторыя пішуць, што ацяпленьне ўжо аднаўляецца, але ў некаторых выпадках яго маюць вярнуць толькі заўтра апоўдні. На Рэспубліканскім партале гарадзкой гаспадаркі, да прыкладу, можна пабачыць, што ў некаторых дамах па вуліцы Калесьнікава ў Каменнай горцы альбо па вуліцы Касманаўтаў у Малінаўцы ацяпленьне абяцаюць вярнуць толькі а 12-й гадзіне 20 студзеня.
Каля 6-й гадзіны раніцы 19 студзеня «Менскэнэрга» паведаміла, што праз пашкоджаньне ўчастку № 41 цэнтральнага ацяпленьня «тэмпэратура цепланосьбіта зьнізілася для некаторых спажыўцоў»у Фрунзэнскім, Маскоўскім, Цэнтральным, Савецкім і Кастрычніцкім раёнах Менска.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Частка жыхароў Менску ўначы засталася без ацяпленьня. Улады абяцаюць за некалькі гадзін аднавіць сыстэму