Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Беларусі Руслан Варанкоў выступіў з заявай пра тое, што беларускі бок атрымаў асабісты зварот прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на адрас Аляксандра Лукашэнкі.
«У звароце Беларусі ў кантэксце ўрэгуляваньня сытуацыі ў Газе прапануецца стаць заснавальнікам Рады міру – новай міжнароднай арганізацыі.
Мы высока цэнім, што амэрыканскі бок бачыць Беларусь, і гэта прама пазначана ў тэксьце звароту, як дзяржаву, гатовую ўзяць на сябе высакародную адказнасьць за пабудову трывалага міру, і весьці за сабой сілай прыкладу, інвэставаць у бясьпечную і квітнеючую будучыню для будучых пакаленьняў».
У заяве МЗС таксама гаворыцца, што беларускі бок разглядае гэтую прапанову «як прызнаньне асабістых заслуг і міжнароднага аўтарытэту кіраўніка беларускай дзяржавы», што прапанову даклалі Лукашэнку і што той ўспрыняў яе станоўча.
«Наша пазыцыя такая: мы гатовыя ўзяць удзел у дзейнасьці Рады міру, улічваючы і спадзеючыся, што гэта арганізацыя пашырыць свае рамкі і паўнамоцтвы далёка за межы мандата, які прапануецца ў ініцыятыве. Гэта дазволіць ёй актыўна ўдзельнічаць у глябальных працэсах па ўрэгуляваньні любых міжнародных канфліктаў, што, у канчатковым выніку, пасадзейнічае пабудове новай архітэктуры бясьпекі, якая актыўна прасоўваецца Беларусьсю ў апошнія гады».
Напярэдадні зьявілася інфармацыя, што адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прапануе стварыць новы міжнародны орган — «Раду міру» (Board of Peace).
Агенцтва Reuters паведаміла, што ў Раду міру ўжо запрошаныя каля 60 краін.
Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін таксама атрымаў запрашэньне ўвайсьці ў склад «Рады міру», паведаміў у панядзелак прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў. Па словах Пяскова, Пуцін атрымаў запрашэньне «па дыпляматычных каналах», і цяпер у Крамлі вывучаюць «усе дэталі гэтай прапановы».
Краінам, якія хочуць атрымаць у ім пастаяннае сяброўства, прапануюць зрабіць унёсак ня менш як 1 мільярд даляраў.
Звычайнае сяброўства будзе бясплатным і на тры гады, аднак для тых краін, якія пералічаць у фонд Рады больш як мільярд даляраў, гэтае абмежаваньне дзейнічаць ня будзе, паведамляў Bloomberg са спасылкай на праект статуту.
Атрыманыя сродкі, як заяўляюць у Вашынгтоне, пойдуць на аднаўленьне Газы.
Ідэя Рады міру абмяркоўваецца з часу спыненьня агню ў сэктары Газа. Паводле пляну Трампа, на другім этапе перамір’я кіраваньнем Газай мусіў бы займацца часовы палестынскі камітэт, падсправаздачны менавіта Радзе міру — міжнароднай структуры на чале з самім Трампам.
Першым старшынём Савета міру мае стаць Дональд Трамп. Ён жа будзе вырашаць, каго запрашаць у склад органу. Хоць рашэньні будуць прымацца большасьцю галасоў (адна краіна — адзін голас), усе яны мусяць быць зацьверджаныя старшынём. Трамп таксама атрымае права выключаць краіны з Савету, калі гэта не заблякуе большасьць у дзьве траціны галасоў. Ён жа будзе зацьвярджаць парадак дня і вызначаць час і месца пасяджэньняў.
У Раду міру могуць увайсьці прадстаўнікі адміністрацыі Трампа — у прыватнасьці дзяржсакратар Марка Рубіё і спэцпасланьнікі Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнэр, а таксама былы прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр і шэраг іншых асоб.
У статуце Рада міру апісваецца як «міжнародная арганізацыя, якая імкнецца спрыяць стабільнасьці, аднаўляць законнае кіраваньне і забясьпечваць трывалы мір у рэгіёнах, закранутых канфліктамі». Аднак крытыкі Трампа, як адзначае Bloomberg, бачаць у гэтым спробу стварыць альтэрнатыву або канкурэнта ААН, якой прэзыдэнт ЗША даўно незадаволены. Некаторыя краіны ўжо выступілі супраць праекту і рыхтуюць супольны адказ, але якія менавіта — не ўдакладняецца.
Паводле Axios, Трамп хоча афіцыйна запусьціць працу Рады міру ўжо на гэтым тыдні — падчас Сусьветнага эканамічнага форуму ў Давосе (19–23 студзеня).
Тым часам Financial Times паведамляе, што ў Вашынгтоне разглядаюць магчымасьць пашырыць мандат Рады міру і распаўсюдзіць яго дзейнасьць ня толькі на Газу, але і на іншыя канфлікты — у тым ліку ва Ўкраіне і Вэнэсуэле. Паводле крыніц выданьня, адміністрацыя Трампа бачыць Раду як «паралельны неафіцыйны мэханізм» урэгуляваньня міжнародных крызісаў.
Высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік, які ўдзельнічаў у перамовах з ЗША, заявіў, што стварэньне асобнай «Рады міру» пад кіраўніцтвам Трампа ўваходзіць у лік прапановаў па ўрэгуляваньні канфлікту. Паводле суразмоўцы Financial Times, у склад гэтага органу могуць увайсьці прадстаўнікі Ўкраіны, Эўразьвязу, NATO і Расеі — яны будуць сачыць за выкананьнем мірнага пагадненьня з 20 пунктаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз рыхтуе павышэньне тарыфаў у адказ на крокі ЗША супраць краін, што паслалі вайскоўцаў у Грэнляндыю