Урадавыя войскі ў Сырыі падпісалі мірнае пагадненьне з курдамі. Курды пакінулі частку займанай тэрыторыі

Сырыйскія вайскоўцы заходзяць у Дэйр-аль-Зор, які шмат гадоў займалі курды

Перамовы адбыліся пасьля прасоўваньня ўрадавых войскаў на тэрыторыях, якія шмат гадоў кантралявалі курды.

Сырыйскі прэзыдэнт Ахмэд аш-Шараа абвясьціў пра дамову з кіраўніком сілаў пад кіраўніцтвам курдаў, якая прадугледжвае спыненьне агню. Яе падпісалі пасьля таго, як урадавыя войскі прасунуліся па кантраляваных курдамі тэрыторыях на поўначы і ўсходзе Сырыі.

Кіраўнік сырыйскіх курдаў Мазлум Абдзі заявіў, што пайшоў на пагадненьне, каб унікнуць шырэйшай вайны. Ён прыняў гэтае рашэньне пасьля сьмяротных сутычак 18 студзеня ў горадзе Рака паміж сіламі пад кіраўніцтвам курдаў і мясцовымі баевікамі, вернымі Дамаску, а таксама баёў у гэтым месяцы паміж курдамі і ўрадавымі войскамі.

Пагадненьне таксама прадугледжвае інтэграцыю курдзкай адміністрацыі і сілаў у дзяржаўныя структуры пасьля шматмесячных перамоў у гэтым пытаньні, якія дайшлі да застою.

Але гэта ўдар па меншасьці, якая даўно мае амбіцыі захаваць дэ-факта аўтаномію, якой карысталася ў раёнах, што кантралявала больш за дзесяць гадоў.

Абдзі заявіў у этэры курдзкага тэлеканалу «Ранахі»: «Каб гэтая вайна не ператварылася ў грамадзянскую… мы пагадзіліся адступіць з рэгіёнаў Дэйр-эз-Зор і Рака да Хасаку». Ён сказаў, што растлумачыць дэталі пагадненьня курдам па вяртаньні з Дамаску.

Прэзыдэнцкая канцылярыя Сырыі апублікавала тэкст пагадненьня з 14 пунктаў, яно прадугледжвае інтэграцыю Сырыйскіх дэмакратычных сілаў і курдзкіх сіл бясьпекі ў дзяржаўныя структуры, а таксама неадкладную перадачу ўрадавым войскам правінцый Дэйр-эз-Зор і Рака, якія кантралююцца курдамі.

Таксама Дамаск возьме на сябе адказнасьць за зьняволеных вязьняў групоўкі «Ісламская дзяржава» і іх сем'і, якія ўтрымліваюцца ў турмах і лягерах, што знаходзяцца пад кіраваньнем курдаў.

Аляксандар Мак-Ківэр, дасьледнік і аўтар інфармацыйнага бюлетэня «This Week in Northern Syria», заявіў AFP, што пагадненьне «значна саступае пазыцыі СДР, якіх тыя дасягнулі за гады свайго існаваньня на паўночным усходзе, а таксама дэцэнтралізаванаму сцэнару, за які яны выступалі на перамовах».

16 студзеня аш-Шараа выдаў указ, які надае курдам афіцыйнае прызнаньне, але курды заявілі, што такое абвяшчэньне не адпавядае іх чаканьням.

СДР раптоўна вывелі войскі «з усіх раёнаў пад сваім кантролем ва ўсходнім прадмесьці Дэйр-эз-Зор, уключна з нафтавымі радовішчамі Аль-Амар і Танак».

Міністар энэргетыкі Сырыі Мухамад аль-Башыр заявіў, што вяртаньне рэсурсаў гэтага раёну пад дзяржаўны кантроль «азначае шырокае адчыненьне дзьвярэй для рэканструкцыі, адраджэньня сельскай гаспадаркі, энэргетыкі і гандлю».

Урадавыя войскі таксама абвясьцілі, што ўзялі пад кантроль грэблю на Эўфраце каля гораду Табка, важны водны і энэргетычны аб’ект, які ўключае і адну з найбуйнейшых гідраэлектрастанцыяў Сырыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армія ЗША нанесла ўдары па аб’ектах «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі

Сырыя пасьля Асада

8 сьнежня 2024 году ў Сырыі паў рэжым Асадаў. Да ўлады прыйшла пратурэцкая ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам», прызнаная тэрарыстычнаю у ЗША, Эўразьвязе і іншых краінах. Яе лідэр Ахмэд аш-Шараа стаў фактычным кіраўніком дзяржавы.

Былы прэзыдэнт Сырыі Башар Асад уцёк у Расею, дзе разам зь сям’ёй атрымаў прытулак. Цяперашняе кіраўніцтва Сырыі ўжо слала ў Маскву запыт на выдачу былога дыктатара, але марна.

У сакавіку 2025 году ў Сырыі прызначылі новы ўрад, у склад якога ўвайшлі нацыянальныя меншасьці, у тым ліку курды.

У сярэдзіне сакавіка 2025 году аш-Шараа падпісаў часовую канстытуцыйную дэклярацыю. Яна будзе дзейнічаць цягам пераходнага пэрыяду. У дакумэнце гаворыцца, што асновай сырыйскага заканадаўства мусіць стаць ісламскае права. Разам з тым у дакумэнце зафіксаваныя гарантыі захаваньня правоў жанчын, свабоды слова і прэсы.

Пасьля прыходу да ўлады аш-Шараа лідэры заходніх краін сталі казаць аб магчымым зьняцьці санкцыяў з Сырыі — пры ўмове захаваньня правоў чалавека разам з рэлігійнымі і этычнымі свабодамі.

У пачатку сакавіка 2025 году ў Сырыі адбылося паўстаньне алавітаў — прадстаўнікоў арабскай меншасьці, да якой належыць клан Асадаў. Паводле зьвестак Сырыйскага цэнтру маніторынгу выкананьня правоў чалавека, які базуецца ў Лёндане, загінулі каля тысячы мірных жыхароў.

Дзейныя ўлады Сырыі заявілі, што ў час паўстаньня зьліквідавалі рэшткі рэжыму Асада ў правінцыях Латакія і Тартус. Краіны Захаду запатрабавалі прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у масавых забойствах алавітаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сырыі прызначылі новы ўрад. У ім ёсьць прадстаўнікі друзаў, алавітаў і курдаў

Грамадзянская вайна ў Сырыі

Сырыйскія курды ад пачатку грамадзянскай вайны ў Сырыі ў 2011 годзе кантралявалі частку тэрыторыі краіны. Яны мелі падтрымку ЗША. У той час у краіне існавала пратурэцкая апазыцыя, што змагалася з асадытамі. Туркі ня раз білі па войсках ураду Асада, іх войска было ў краіне і ваявала супраць курдаў, бо Анкара ўважала, што курдзкія вайсковыя посьпехі паспрыяюць паўстаньням курдаў у самой Турэччыне, дзе гэта вялікая нацыянальная меншасьць. Урад Асада падтрымлівалі Расея і Іран. Акрамя таго, у краіне дзейнічалі баевікі «Ісламскай дзяржавы».

Такім чынам, у час вайны Сырыя падзялілася на некалькі частак. Усход краіны кантралявалі курды, паўночны захад — апазыцыйныя пратурэцкія сілы. Цэнтрам супрацьстаяньня ўрадавых войскаў і групаў узброенай апазыцыі стаў горад Алепа. У канцы 2019 году пры ўдзеле Расеі і Турэччыны было заключана пагадненьне аб спыненьні агню.

У новую фазу вайна перайшла ў канцы 2024 году, калі Іран апынуўся на мяжы вайны з Ізраілем і пачаў абвастраць канфлікт. Расея працягвала вайну супраць Украіны. Апазыцыя палічыла гэта зручным момантам для наступу, пайшла ў атаку на сырыйскія ўрадавыя войскі, і ў сьнежні 2024 году тыя капітулявалі, а шматгадовы дыктатар Башар Асад уцёк у Расею зь сям’ёй.

Тым ня менш апазыцыйныя асадаўскаму ўраду ісламісты пасьля ўсталяваньня іхнай улады ў Дамаску доўга не маглі ўзяць пад кантроль пэўныя тэрыторыі краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сырыі пачаў працу цэнтар ідэнтыфікацыі парэшткаў ахвяраў рэжыму Асада: «Гэта будзе шматгадовая праца»