Марыя Калесьнікава мяркуе, што эўрапейскім палітычным лідэрам трэба шукаць паразуменьня і весьці перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Чым большай ёсьць ізаляцыя Беларусі ад Эўропы, тым мацней яна адыходзіць да Расеі. Гэта робіць Беларусь менш бясьпечнай і менш прадказальнай для Эўропы», — сказала яна ў інтэрвію Financial Times у Бэрліне.
Успамінаючы пратэсты 2020 году і вобраз Калесьнікавай з чырвонай памадай, газэта прыгадала і тое, як яна апынулася ў турме. Парвала пашпарт на мяжы, калі яе спрабавалі вывезьці зь Беларусі, і засталася на радзіме, дзе яе потым асудзілі на 11 гадоў турмы.
Калесьнікава, згадваючы гэта, адзначыла:
«Цяпер я разумею, што гэта быў нейкі кінэматаграфічны момант. Але гэта было не імпульсіўнае рашэньне. Задоўга да гэтага я вырашыла, што палітык павінен падзяляць лёс свайго народу — і ня толькі ў моманты ўзьнёсласьці».
Яна яшчэ раз падзякавала амэрыканскаму прэзыдэнту Трампу і ўкраінскаму боку за ўдзел у вызваленьні. Пры гэтым яна не разумее, чаму пасіўна праяўляе сябе Эўропа, у якой яна жыла да турмы і пасялілася цяпер, па вызваленьні.
«Але як чалавек з эўрапейскім мысьленьнем я не разумею, чаму Эўропа не пачала размоваў з Лукашэнкам раней за ЗША. Відавочна, што, напрыклад, Нямеччына мае значна больш сувязяў зь Беларусьсю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава сустрэлася з прэзыдэнтам Нямеччыны. ФОТАРаней Эўропа ўвяла некалькі пакетаў санкцыяў, якія істотна ўскладнілі атрыманьне беларусамі візаў, забаранілі авіяспалучэньне з краінай. Калесьнікава ў размове з журналістамі прыгадала час, калі Беларусь займала першае месца ў Эўропе ў колькасьці выдадзеных шэнгенскіх візаў.
«Лукашэнка — прагматычны чалавек. Ён разумее мову бізнэсу. Калі ён гатовы да гуманітарных крокаў у адказ на зьмякчэньне санкцыяў, уключна з вызваленьнем зьняволеных і дазвол незалежным СМІ і НДА працаваць у Беларусі, гэта трэба абмеркаваць».
Яна мяркуе, што такія перамовы павінны прычыніцца да вызваленьня іншых палітычных вязьняў і спыніць рэпрэсіі ў краіне. Сама ж яна не зьбіраецца пакідаць палітыку.
«Я думаю, усё добра зразумела: я не зьбіраюся пакідаць палітыку».
Калесьнікава заяўляе, што «аднойчы рэжым зьменіцца. Там не павінна быць спаленай зямлі. Мы павінны падрыхтаваць глебу».
Умовы ў турмах Беларусі Калесьнікава абмяркоўваць ня хоча, яна лічыць, што пра гэта ўжо ведаюць у Эўропе і гэта нікому не дапаможа. У зьняволеньні яна здолела сесьці на шпагат, прачытала 700 кніг і нават напісала дзьве свае. У турме яна пачувалася «абсалютна свабоднай», слухаючы дзяржаўнае радыё, выхоплівала музычныя творы і нават танцавала пад іх.
«Калі я раптам чула Стынга ці Адэль, я была такая шчасьлівая: цывілізацыя існуе. А сьцены, турма — гэта проста дэкарацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Загадала жаданьне пад турэмным небам...» Калесьнікава падзякавала на пяці мовах