У Гішпаніі сутыкнуліся два хуткасныя цягнікі, загінулі 39 чалавек. Інфармацыі аб пацярпелых беларусах няма

У нядзелю на поўдні Гішпаніі хуткасны цягнік сышоў з рэек і ўрэзаўся ў сустрэчны.

Цягнік, які пайшоў пад адхон, зьвёў за сабой і другі цягнік, яны ўпалі на насып. У выніку сутыкненьня загінула як мінімум 39 чалавек, паведаміла агенцтва Reuters з спасылкай гішпанскае міністэрства ўнутраных спраў.

Трагедыя адбылася непадалёк ад Адамуса ў правінцыі Кордаба, на поўдні Гішпаніі.

Адзін з двух цягнікоў што сышлі з рэек

Больш за 120 чалавек атрымалі раненьні, 48 зь іх, у тым ліку пяцёра дзяцей, усё яшчэ знаходзяцца ў бальніцы. Зь іх 12 знаходзяцца ў рэанімацыі, паведаміла AFP.

Для выдаленьня пашкоджаных мэталічных частак цягнікоў і спробы выявіць новых ахвяр спатрэбіцца цяжкая тэхніка.

На відэа зь месца здарэньня, апублікаваным у сацыяльных сетках, відаць, як ратавальнікі дастаюць пасажыраў зь перакуленых вагонаў. Некаторыя пасажыры вылазілі праз разьбітыя вокны, іншых выносілі на насілках.

Газета El Pais паведаміла, што сярод загінулых 27-гадовы машыніст цягніка Мадрыд — Уэльва.

У двух цягніках было каля 400 пасажыраў, большасьць зь якіх — гішпанцы, яны вярталіся ў Мадрыд ці ехалі зь яго пасьля выходных.

Другі цягнік, які накіроўваўся ва Ўэльву і апэратарам якога зьяўляецца дзяржаўная кампанія Renfe, на момант сутыкненьня рухаўся з хуткасьцю каля 200 км/г, паведамляе El Pais. Невядома, зь якой хуткасьцю рухаўся першы цягнік у момант зьезду з рэек.

Прычына аварыі пакуль невядомая, паведаміў журналістам міністар транспарту Гішпаніі Аскар Пуэнтэ на станцыі Аточа ў Мадрыдзе. Ён дадаў, што «вельмі дзіўна», што зьезд з рэек адбыўся на простай. Гэты ўчастак каляіны адрамантавалі ў траўні, дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гішпанія: сама мала 77 чалавек загінулі ў чыгуначнай катастрофе

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі паведамілі, што не атрымлівалі інфармацыі аб пацярпелых у гэтай аварыі грамадзянах Беларусі.

Амбасада Беларусі ў Гішпаніі знаходзіцца на сталым кантакце зь мясцовымі органамі ўлады і працягвае пільна адсочваць інфармацыю, адзначаецца ў заяве МЗС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чыгуначнай катастрофе ў Нямеччыне загінулі тры чалавекі