Прэм’еры менскіх тэатраў у 2026: на Быкава і Караткевіча ўсе квіткі раскупленыя

Менск, тэатар беларускай драматургіі

Сайт Myfin.by вывучыў рэпэртуар менскіх тэатраў і расказаў пра самыя цікавыя прэмʼеры.

Тэатар опэры і балета падрыхтаваў некалькі прэмʼер:

Опэру «Аціс і Галятэя» — міталягічны сюжэт пра пачуцьці німфы і пастуха. Бліжэйшыя паказы адбудуцца ў лютым.

Опэру «Набука» — 21 і 22 сакавіка адбудзецца прэмʼера вядомай опэры Джузэпэ Вэрдзі на італьянскай мове. Гэта гісторыя пра рэлігію, барацьбу за ўладу і сілу каханьня.

Беларускі дзяржаўны музычны тэатар

6 сакавіка адбудзецца прэмʼера рок-н-рольнага мʼюзыклу «Дзяўчаты» і ў гэтым жа месяцы пройдзе адразу 4 паказы.

Прэмʼерны паказ вадэвілю «Утаймаваньне мужчын» пройдзе 30 красавіка. Пацешныя пэрсанажы ў камічных гісторыях, выкліканых любоўнымі інтрыгамі і нечаканымі паваротамі лёсу.

НАДТ ім. Максіма Горкага

5 лютага ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры ім. Максіма Горкага адбудзецца прэмʼера «Асоабліва небясьпечныя пэнсіянэры». Гэта дэтэктыўная камэдыя аб пэнсіянэры-сьледчым, якому зноў давядзецца выходзіць на працу. Прычына — выкраданьне яго экс-начальніка.

Нацыянальны акадэмічны тэатар ім. Янкі Купалы

У лютым пакажуць камэдыйны спэктакаль «Гэта цудоўнае жыцьцё»: гісторыю творчай сямʼі, жыцьцё якой пераварочваецца з ног на галаву пасьля адной навіны. Пастаноўка заслужанага артыста Расеі Андрэя Завадзюка, ідзе п'еса «пераважна на беларускай мове з уключэннем расейскай».

Беларускі дзяржаўны тэатар лялек

Спэктакаль «Хутар» па матывах аповесьці Васіля Быкава. Гэта пастаноўка аб трагедыі акупацыі празь лёсы беларускіх сялян, аб людзях, якія спрабуюць выжыць у суровых умовах. У студзені-лютым будзе 4 паказы гэтага спэктакля. Усе квіткі ўжо раскупленыя.

Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі

У канцы сьнежня адбылася прэмʼера гістарычнай навэлы «Ладзьдзя роспачы», прысьвечаная 95-годзьдзю зь дня нараджэньня Ўладзіміра Караткевіча. Усе квіткі ў студзені-сакавіку ўжо выкупленыя.

Маладзёжны тэатар эстрады

У лютым тут пройдзе прэмʼера «Містычнага мʼюзыклу» паводле кнігі Булгакава «Майстар і Маргарыта».

Драматычны тэатар Беларускай Арміі

Тут у сьнежні адбылася прэмʼера монаспэктакля «Абсалютнае шчасьце», які, паводле афішы, «падорыць падарожжа ў глыбіні чалавечай душы і поўную трансфармацыю галоўнага героя на шляху да спазнаньня сябе». Бліжэйшы паказ адбудзецца 24 лютага.

Тэатар юнага гледача

У сьнежні адбылася прэмʼера вядомай трагедыі «Макбэт» паводле пʼесы Шэкспіра аб сіле ўлады. У лютым пакажуць спэктакль «Вожык у тумане» — добрую гісторыю для дарослых і дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі 28 тэатраў атрымаюць дзяржаўную падтрымку