Звычайнае сяброўства будзе бясплатным і на тры гады, аднак для тых краін, якія пералічаць у фонд Савету больш як мільярд даляраў, гэтае абмежаваньне дзейнічаць ня будзе, паведамляе Bloomberg са спасылкай на праект статуту.
Атрыманыя сродкі, як заяўляюць у Вашынгтоне, пойдуць на аднаўленьне Газы.
Ідэя Савета міру абмяркоўваецца з часу спыненьня агню ў сэктары Газа. Паводле пляну Трампа, на другім этапе перамір’я кіраваньнем Газай мусіў бы займацца часовы палестынскі камітэт, падсправаздачны менавіта Савету міру — міжнароднай структуры на чале з самім Трампам.
Першым старшынём Савета міру стане Дональд Трамп. Ён жа будзе вырашаць, каго запрашаць у склад органу. Хоць рашэньні будуць прымацца большасьцю галасоў (адна краіна — адзін голас), усе яны мусяць быць зацьверджаныя старшынём. Трамп таксама атрымае права выключаць краіны з Савету, калі гэта не заблякуе большасьць у дзьве траціны галасоў. Ён жа будзе зацьвярджаць парадак дня і вызначаць час і месца пасяджэньняў.
У статуце Савет міру апісваецца як «міжнародная арганізацыя, якая імкнецца спрыяць стабільнасьці, аднаўляць законнае кіраваньне і забясьпечваць трывалы мір у рэгіёнах, закранутых канфліктамі». Аднак крытыкі Трампа, як адзначае Bloomberg, бачаць у гэтым спробу стварыць альтэрнатыву або канкурэнта ААН, якой прэзыдэнт ЗША даўно незадаволены. Некаторыя краіны ўжо выступілі супраць праекту і рыхтуюць супольны адказ, але якія менавіта — не ўдакладняецца.
Паводле Axios, Трамп хоча афіцыйна запусьціць працу Савета міру ўжо на наступным тыдні — падчас Сусьветнага эканамічнага форуму ў Давосе (19–23 студзеня).
Тым часам Financial Times паведамляе, што ў Вашынгтоне разглядаюць магчымасьць пашырыць мандат Савету міру і распаўсюдзіць яго дзейнасьць ня толькі на Газу, але і на іншыя канфлікты — у тым ліку ва Ўкраіне і Вэнэсуэле. Паводле крыніц выданьня, адміністрацыя Трампа бачыць Савет як «паралельны неафіцыйны мэханізм» урэгуляваньня міжнародных крызісаў.
Высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік, які ўдзельнічаў у перамовах з ЗША, заявіў, што стварэньне асобнага «Савету міру» пад кіраўніцтвам Трампа ўваходзіць у лік прапановаў па ўрэгуляваньні канфлікту. Паводле суразмоўцы Financial Times, у склад гэтага органу могуць увайсьці прадстаўнікі Украіны, Эўропы, NATO і Расеі — яны будуць сачыць за выкананьнем мірнага пагадненьня з 20 пунктаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шрайбман: Лукашэнка прыдумае, як патлумачыць, чаму трэба надалей размаўляць з Трампам