У сваім допісе Пазьняк закідае на адрас Офісу Ціханоўскай і зьвязаных зь ім структур тое, што яны, маўляў, зьяўляюцца інструмэнтам зьнешняй палітыкі Бэрліну і Брусэлю і дзейнічаюць не з улікам беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
Паводле Пазьняка, ключавая мэта такой палітыкі — страта Беларусьсю дзяржаўнай самастойнасьці праз інтэграцыю з Расеяй. Ён фармулюе гэта наўпрост:
«Сутнасьцю нямецкай пазыцыі зьяўляецца ліквідацыя беларускай дзяржавы шляхам уключэньня яе ў склад Расеі».
Як сьцьвярджае палітык, эканамічнай падставай такой лініі зьяўляецца зацікаўленасьць у танных расейскіх энэргарэсурсах, а палітычнай — магчымасьць узмацняць ціск на Польшчу і ўплываць на рэгіянальны балянс сілаў. Інструмэнтам для гэтага, паводле Пазьняка, стала падтрымка часткі беларускай апазыцыі, якая фінансуецца Эўразьвязам і арыентуецца на супрацоўніцтва з так званай «дэмакратычнай Расеяй».
Асобна Пазьняк спыняецца на ролі эканамічных санкцыяў. Ён лічыць, што яны не аслабляюць аўтарытарную сыстэму, а, наадварот, узмацняюць залежнасьць Беларусі ад Масквы і зьмяняюць грамадзкія настроі не на карысьць Захаду. У тэксьце прыводзіцца ацэнка, што за пяць гадоў санкцыйнай палітыкі значная частка беларускага грамадзтва пераарыентавалася ў бок Расеі.
Асноўную выснову свайго тэксту ён фармулюе як папярэджаньне:
«Добра зразумела, што там, дзе ў Беларусі зьяўляецца Нямеччына (Эўразьвяз), — там ужо будзе і Расея, і супольныя інтарэсы, якія звычайна прыводзяць да палітыкі анэксіі пад выглядам аб’яднаньня з „дэмакратычнай Расеяй“».
Разам з тым Пазьняк заяўляе, што, нягледзячы на магчымую шкоду, такія сцэнары, на ягоную думку, ня маюць шанцаў на посьпех у доўгатэрміновай пэрспэктыве, бо ўнутры Беларусі, як ён піша, існуюць сілы, здольныя не дапусьціць чарговага «ашуканьня грамадзтва».
- Кіраўнік руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк ад 2020 году крытыкуе новую генэрацыю ўдзельнікаў дэмакратычнага руху, асабіста Сьвятлану Ціханоўскую і ўсе створаныя вакол Офісу палітычныя структуры. Найбольш часта ён апэруе тэрмінам «агентура», аднак у гэтым допісе выкарыстоўвае ўжо панятак «наёмнікі». Палітыка Нямеччыны ў дачыненьні да Беларусі таксама даўно ў фокусе ягонай крытыкі. Інтарэс да ягонага меркаваньня выяўляе нешматлікая група грамадзкіх актывістаў. Камплімэнты рэзкім выказваньням Пазьняка на адрас новай апазыцыі ня раз рабілі праўладныя СМІ ў Беларусі.