Знакамітую карціну Марка Шагала «Прагулка» прывязуць у Менск у красавіку

Марк Шагал

Карціну пакажуць у Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску сёлета.

Карціна Марка Шагала «Прагулка» захоўваецца за мяжой, у Расеі. Пра гэта ў этэры тэлеканалу АНТ расказала дырэктарка Нацыянальнага мастацкага музэю Ірына Мацяс, паведамляе БелТА.

«На жаль, у Беларусі не засталося такіх шэдэўраў Шагала або Малевіча, якія ёсьць у калекцыях расейскіх ці эўрапейскіх музэяў. Але ў нас падпісана пагадненьне аб супрацы з Расейскім музэем. І ў красавіку будуць праходзіць дні гэтага музэю ў Нацыянальным мастацкім музэі, калі яны прывязуць „Прагулку“ Матка Шагала».

«Прагулка» Марка Шагала

Таксама дырэктарка музэю сказала, што паказаць усе работы славутага мастака складана.

«У 2027 годзе спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэньня мастака, і было б вельмі добра зрабіць вялікі праект з гэтай нагоды», — дадала дырэктарка музэю.

Марк Шагал нарадзіўся ў 1887 годзе ў мястэчку Лёзна, ягоны творчы лёс найбольш зьвязаны зь Віцебскам. Шагал — адзін з найбольш знакамітых ураджэнцаў Беларусі, таленавіты жывапісец і графік, яскравы прадстаўнік мастацкага авангарду ХХ стагодзьдзя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «White Russia», «Russian Empire», «Born in Belarus». Як беларускіх мастакоў пераймяноўваюць у сусьветных музэях


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню па-беларуску выдалі мэмуары Бэлы Шагал