У Паўднёвай Карэі экс-прэзыдэнта Юн Сок Ёля асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня

Юн Сок Ёль у судзе

Яго судзілі ў справе аб перашкодзе правасудзьдзю.

Цэнтральны акруговы суд Сэулу прыгаварыў былога прэзыдэнта краіны Юн Сок Ёля да пяці гадоў пазбаўленьня волі ў справе аб перашкодзе правасудзьдзю. Пра гэта паведаміла паўднёвакарэйскае агенцтва Yonhap.

Пры гэтым 65-гадовы Юн Сок Ёль атрымаў не максымальны тэрмін — пракурор прасіў для яго 10 год зьняволеньня.

Былога прэзыдэнта прызналі вінаватым у тым, што той не дазволіў затрымаць сябе ў студзені 2025 году, склаў і пасьля рашэньня парлямэнту зьнішчыў перагледжаны ўказ аб увядзеньні ваеннага становішча, а таксама загадаў выдаліць запісы з тэлефонаў, якія выкарыстоўвалі вайскоўцы.

Прысуд вынесьлі за два дні да заканчэньня тэрміну арышту экс-прэзыдэнта. Ягоныя адвакаты заяўлялі, што рашэньне ў гэтай справе павінны выносіць пасьля разгляду справы аб ваенным мяцяжы, але судзьдзя адхіліў патрабаваньне абароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся суд над былым прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі за арганізацыю мяцяжу

Агулам супраць Юн Сок Ёля завялі восем крымінальных спраў, зьвязаных з спробай увесьці ваеннае становішча, меркаваным удзеле ягонай жонкі ў хабарніцтве і гібельлю марскога пяхотніка ў 2023 годзе. Раней на гэтым тыдні пракуроры запатрабавалі прыгаварыць яго да сьмяротнага пакараньня ў справе аб ваенным мяцяжы.

Паўднёвакарэйская тэлевізія тройчы паказвала паседжаньні ў судзе ў жывым этэры. Гэта рэдкая зьява для краіны.

Юн Сок Ёль аб’явіў аб увядзеньні ваеннага становішча ў краіне «дзеля барацьбы з унутранымі прыхільнікамі Паўночнай Карэі». Падпісаны ім указ забараняў працу партый, пратэсты, забастоўкі, уводзіў цэнзуру і вайскова-палявыя трыбуналы з правам на вынясеньне сьмяротнага прысуду. Аднак дзеяньне дакумэнту працягнулася ўсяго шэсьць гадзін — дэпутаты прагаласавалі за яго скасаваньне пакуль вайскоўцы штурмавалі будынак парлямэнту.

У сьнежні 2024 году парлямэнт прагаласаваў за адхіленьне Юн Сок Ёля з пасады. У студзені пасьля таго, як сьледчыя не змаглі арыштаваць яго, суд пастанавіў узяць палітыка пад варту. У лютым былы прэзыдэнт падаў апэляцыю ў Цэнтральны акруговы суд Сэулу, той стаў на ягоны бок і вызваліў з-пад варты ў пачатку сакавіка. Але ў ліпені Юн Сок Ёля зноў арыштавалі, бо сьледзтва палічыла, што ён можа зьнішчыць доказы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На выбарах прэзыдэнта Паўднёвай Карэі перамог кандыдат ад апазыцыі