Вацлава Арэшку праваабаронцы ўключылі ў сьпіс палітвязьняў зь вельмі ўразьлівым станам здароўя.
Арэшка вельмі дрэнна бачыць, у калёніі ў яго таксама абвастрыліся іншыя хваробы. Паводле крыніцы, дасьведчанай у справах палітвязьня, за апошні год зрок у палітвязьня пагоршыўся настолькі, што ён ня можа паўнавартасна чытаць і пісаць, акуляры больш не дапамагаюць. Крыніца кажа, што дрэнны стан здароўя Вацлава Арэшкі адбіваецца на ягоным псыхалягічным стане.
«Сумуе, бо нічога ня бачыць. Здароўе не паляпшаецца, зрок яшчэ горшы, калядную паштоўку яму візуальна апісвалі іншыя, бо ён ня бачыць, што на ёй выяўлена. Калі ён сам піша лісты, то разабраць у іх можна літаральна працэнтаў 20, настолькі нечытэльна», — паведаміла пра Вацлава Арэшку крыніца.
Паводле крыніцы, Вацлаў Арэшка ня скардзіцца на стаўленьне да яго ў калёніі.
Сваякі і сябры палітвязьня спадзяюцца, што ён трапіць у чарговы сьпіс на вызваленьне і наступны дзень народзінаў адзначыць на волі.
Актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП, палітоляг, гісторык культуры і грамадзкі дзяяч Вацлаў Арэшка за кратамі з красавіка 2022 году. Суд прызнаў Вацлава Арэшку вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу ўключна з артыкулам 361-1 — «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім».
Актывіста асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня. Вацлаў Арэшка адбывае пакараньне ў калёніі № 22 у Івацэвічах. Калегі ў кіраўніцтве незалежнымі прафсаюзамі Генадзь Фядыніч, Аляксандр Ярашук і Васіль Берасьнеў, каго затрымлівалі разам з Арэшкам ў межах адной «прафсаюзнай справы», летась выйшлі на волю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лісты Арэшкі з турмы напісаныя чужой рукой. 17 актывістаў незалежных прафсаюзаў застаюцца за кратамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць драматычных і кранальных гісторыяў беларускіх палітвязьняў у 2025 годзе