У рэдакцыю CityDog патрапіў сьпіс выканаўцаў, чые песьні было забаронена выконваць у беларускіх караоке-барах у 2025 годзе. У ім 160 пазыцый: туды патрапілі беларускія, украінскія, эўрапейскія, амэрыканскія і расейскія артысты, адзначае выданьне.
Лёгіка адбору, мяркуючы зь пераліку, не абмяжоўваецца пазыцыяй творцаў наконт вайны ці пратэстаў 2020 году.
Як сьцьвярджае крыніца выдання, дакумэнт выдалі ў адным зь беларускіх упраўленьняў культуры. Сапраўднасьць сьпісу пацьвердзілі яшчэ дзьве незалежныя адна ад адной крыніцы.
Акрамя таго, у сьпісе ёсьць неіснуючыя гурты. Магчыма, сьпіс складаў чалавек, вельмі слаба знаёмы з музыкай ці проста асоба, якая не валодае лацінскім напісаньнем. Напрыклад, Jowwa (магчыма, мелі на ўвазе гурт IOWA). Сустракаецца таксама N.R.N., хаця вядомы беларускі гурт называецца N.R.M. Таксама прысутная дзіўная назва Lincoln Park, хаця існуе гурт Linkin Park.
Акрамя іх, у сьпісе забароненых беларускія выканаўцы Іскуі Абалян, Анжаліка Агурбаш, Ганна Шаркунова, Бі-2, Дай Дарогу! , Зьміцер Вайцюшкевіч, Дзьмітры Калдун, Крама, Крамбамбуля, Ксенія Сітнік, Лепрыконсы, Макс Корж, Палац, Саша Нэма, Ціма Беларускіх і іншыя.
З замежных зорак забароненыя ў беларускіх караоке Верка Сярдзючка, Lady Gaga, Николай Басков, Rammstein, Нойз МС, Сафія Ратару і шэраг іншых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мроя – гэта нашая зброя». Размова зь «Дзецюком» Алесем Дзянісавым