«Яны гэта скралі». Як дзяржаўныя ідэолягі спрабуюць капіяваць колішнія незалежныя імпрэзы і фэстывалі

Удзельнік фэстывалю Vulica Brasil у Менску, 2019 год

Сабралі імпрэзы, якія пачыналіся як грамадзкія ініцыятывы, а потым цалкам перайшлі пад кантроль дзяржавы. Актывісты выказаліся, як гэты пераход зьмяніў якасьць падзеяў, а таксама навошта гэта можа быць патрэбна ўладам.

У Горадні анансавалі маштабны фэстываль вулічных мастацтваў. Але падобны фэст шмат гадоў ладзілі ў горадзе незалежныя аматары мастацтва. Гэта ня першая культурная падзея, якая пачыналася як ініцыятыва грамадзкіх актывістаў, але потым цалкам перайшла пад кантроль дзяржавы. Навошта ўлады пераймаюць пасьпяховыя праекты ў прыватных ініцыятываў і наколькі гэта добра?

Кіраўнік Горадні Андрэй Хмель заявіў, што ў горадзе хочуць у цёплую пару правесьці «маштабны фэстываль вулічнага мастацтва зь міні-сцэнамі і пастаноўкамі ўсіх моладзевых тэатраў краіны».

Аднак Біг-міні-фэстываль вулічных мастацтваў ужо ладзілі ў Горадні дзевяць гадоў запар — да 2020 году. Як расказаў Свабодзе актор і рэжысэр з Горадні Васіль Калач, гэты фэстываль ініцыявалі «вольныя творцы ўсіх кірункаў мастацтва».

Васіль Калач (у чырвоным) падчас "Маршу Каліноўскага" на Падляшшы

У дні фэстывалю цэнтар Горадні ператвараўся ў сцэну для залітых бронзавай фарбай жывых скульптураў, мімаў з шырокімі намаляванымі ўсьмешкамі, пэрсанажаў на дыбах у яркіх строях, акрабатаў на канаце, музыкаў, дудароў, бубначоў, рэканструктараў, агневікоў.

Фэстываль вулічнага мастацтва ў Горадні, архіўнае фота

Як расказвае Васіль, пасьля 2020 году фэст не аднаўляўся, бо існавала таемная забарона на ўсе ініцыятывы.

«Увесь час была павольная тэндэнцыя. З 2020 году пайшло ціхае адцісканьне ідэяў і выцісканьне з гэтай прасторы ўсіх ініцыятываў, якія не падлягаюць штуршку з выканкаму ці з БРСМ. Усе незалежнікі перайшлі ў рэжым унутранай эміграцыі і нічога публічнага ня ладзяць, бо асьцерагаюцца. Падпольнае культурніцкае жыцьцё ідзе. Яго не спыніць. Так было ўва ўсе часы», — кажа Калач.

На ягоную думку, улады асьцерагаюцца небясьпекі вальнадумства нават у культурным жыцьці.

«Усё, што робіцца не на загад дзяржавы, значыць, што ў чалавека ёсьць свой пункт гледжаньня, свой розум, пасіянарнасьць. Сёньня яны захацелі зладзіць фэстываль — заўтра яны захочуць зладзіць маніфэстацыю. Нельга! Мы гэтага не дапусьцім», — разважае Васіль.

Фэстываль вулічнага мастацтва ў Горадні, архіўнае фота

Ён адзначае, што ўсе буйныя падзеі цяпер «загорнутыя» пад выканкамы.

«Вялікія спартовыя, культурніцкія падзеі ладзілі актывісты. Выканкамы ўвесь час былі толькі „прыліпаламі“, якія падмазваліся пад добрую ідэю і ставілі сабе галачку ў плян. Гэта не нармальная супраца ўладаў з грамадзтвам, а адцісканьне ініцыятывы, спачатку на бюракратычным, а потым на ідэйным узроўні. Актывісты за апошнія пяць гадоў выціснутыя або з краіны, або з грамадзкага жыцьця», — кажа суразмоўца.

«Тое, што чынавенства бярэ пад поўны кантроль, ператвараецца ў пацёмкінскія вёскі. Застаецца толькі фасад. Тыя людзі, якія несьлі ў гэтую імпрэзу ідэю, цяпер яе не нясуць. Застаецца чыста фармальная штука, якая праходзіць на паперцы, прыгожыя фотачкі на справаздачы, а фактычна гэта ні аб чым», — мяркуе Васіль.

На думку суразмоўцы, дзяржаўныя ўлады забіраюць сабе пасьпяховыя праекты грамадзкай супольнасьці, бо самі ня здольныя прыдумаць нічога новага.

«У гэтую сыстэму адбіраюць не ініцыятыўных і пасіянарных, а тых, хто добры выканаўца і з усім пагаджаецца, тых, хто не выказвае сваіх поглядаў», — мяркуе суразмоўца.

Васіль Калач адзначае, што многія імпрэзы ўвогуле зьніклі, а не перайшлі цалкам да дзяржавы. Але на ягоную думку, лепш так, чым дзяржава б сапсавала добрую справу.

Фэстываль урбаністычнага мастацтва Vulica Brasil у Менску

Сярод такіх фэстываляў, якія ладзілі прыватныя ініцыятывы і якія зьніклі ў тым ліку падчас эпідэміі каранавірусу: фэстываль вулічнага мастацтва Vulica Brasil у Менску, буйны рок-фэст «Рок за баброў» пад Менскам, музычны фэст Sprava ў Белай Царкве на Віцебшчыне, Mirum-фэст у Міры на Горадзеншчыне. Замест музычна-гастранамічнага фэстывалю Lidbeer у Лідзе, дзе выступалі такія рок-гурты= як «Акіян Эльзы» і «Воплі Відоплясова», у апошнія гады сталі ладзіць «Харчфэст» з артыстамі расейскай эстрады. Новая назва і фармат выклікалі шмат крытыкі ў беларускіх асяродках.

«Буйныя імпрэзы зьнікаюць, бо ініцыятары, арганізатары не гатовыя выкруціць сваю ідэю ў вычварныя формы, не гатовыя абмяжоўваць удзельнікаў фэстываля цэнзурай», — мяркуе Васіль Калач.

Дзень вышыванкі

Упершыню Дзень вышыванкі ў Беларусі правялі ў 2014 годзе. Запачаткавалі сьвята беларускай культуры ініцыятывы Symbal.by і «Арт Сядзіба». Тады сабраліся 15 майстроў і прэзэнтавалі свае творы — тканіны і з традыцыйнай вышыўкай, і зь лічбавай расфарбоўкай. Падзею наведалі каля паўтары тысячы чалавек.

У той жа пэрыяд зьявілася слова «вышымайка» — майка з прынтам у выглядзе беларускага арнамэнту. Вышываныя кашулі, стылізаванае пад іх адзеньне, а таксама больш даступныя цаной і сучасныя «вышымайкі» сталі моднымі.

Першы Дзень беларускай вышыванкі, архіўнае фота

Праз два гады дзяржаўныя ўлады перанялі ідэю актывістаў і зацьвердзілі пастановай Савету міністраў Дзень вышыванкі 2 ліпеня, напярэдадні «Дня незалежнасьці». У відэарэпартажы Свабоды з таго дня відаць, як маладзёны ў чырвоных майках зь лягатыпам БРСМ ідуць шыхтом і нясуць чырвона-зялёныя сьцягі. Амаль дзесяць гадоў таму асноўнымі колерамі ў афармленьні імпрэзы былі чырвоны і зялёны, хоць зялёны ня лічыцца традыцыйным колерам у вышыўцы беларусаў.

«Гэта яднае ўсіх нас. Сабрала шмат людзей — маладых, дарослых. Аб’ядноўвае нацыю, моладзь. Гэта цікава, нібыта забава. Відаць, што дзяржава пра нас клапоціцца і падтрымае ў цяжкую хвіліну», — адказвае адзін зь сяброў БРСМ на пытаньне журналісткі Кацярыны Андрэевай, чаму гэтае сьвята важнае.

Ілюстрацыйнае фота

Тады ў вышываных кашулях паказваліся публічна такія высокапастаўленыя службоўцы, як міністар замежных справаў Уладзімер Макей і міністар культуры Барыс Сьвятлоў. Футбалісты менскага «Дынама» выходзілі на поле ў «вышымайках».

Міністар замежных справаў Уладзімер Макей на Дні беларускай вышыванкі, 2017 год

У канцы 2021 году затрымалі аднаго з арганізатараў грамадзкага Дня вышыванкі Паўла Белавуса і асудзілі яго на 13 гадоў калёніі, а ягоную краму, дзе прадавалі адзеньне зь беларускай сымболікай, закрылі. Апошнімі гады гэты дзень перад дзяржаўным выходным — Днём незалежнасьці 3 ліпеня — масава не адзначалі. Арганізацыя «агульнарэспубліканскай акцыі Дня вышыванкі» перайшла да дзяржаўных органаў улады.

Імпрэзы гістарычнай рэканструкцыі

Раней іх рабілі выключна клюбы рэканструкцыі, расказвае Васіль Калач, а выканкамы і сельсаветы фігуравалі як арганізатары толькі намінальна, яны «юрыдычна давалі легальнасьць».

Рыцарскі фэст у Полацку, 2017 год

«Усе імпрэзы гістарычнай рэканструкцыі адціснутыя пад дзяржаву. Ужо нічога не адбываецца без кантролю і ідэалягічнага ціску. У Горадні калісьці спрабавалі зрабіць фэстываль сярэднявечнай культуры „Мяжа“. Ён адбыўся толькі раз, больш на яго не знайшлося пасіянараў у выканкаме, гатовых ідэалягічна рызыкнуць, запусьціць сярэднявечча, вайб Вялікага княства. Сапсавалі б», — мяркуе Калач.

Суразмоўца параўноўвае: у Польшчы, каб правесьці падобныя імпрэзы гістарычнай рэканструкцыі, трэба не прасіць дазволу, а толькі апавяшчаць улады пра свой намер правесьці імпрэзу.

Марш Каліноўскага на Беласточчыне, люты 2025

Забег цьвярозасьці на Новы год

Яшчэ адна акцыя, якую пачыналі праводзіць аматары, а пасьля прысабечылі мясцовыя ўлады, — гэта забег цьвярозасьці 1 студзеня ў Горадні. Першы раз яго правялі ў 2015 годзе. Ініцыятарам быў гарадзенец, які кінуў піць і прапанаваў такім чынам адзначыць Новы год.

«Каб сустрэць Новы год не з аліўе, а зь сябрамі на прабежцы», — камэнтуе адзін з удзельнікаў гэтых забегаў Міхась* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС).

Сярод арганізатараў была і Горадзенская праваслаўная эпархія. На першы навагодні забег сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, расказаў бягун. Потым да арганізатараў далучыўся горадзенскі бегавы клюб. Дазвол на забегі штогод даваў гарвыканкам. Ён таксама лічыўся арганізатарам, аднак непасрэдна арганізацыяй займаліся самі спартоўцы: рабілі абвестку, запарвалі гарбату і куплялі прысмакі, рыхтавалі мэдалі, самі знаходзілі спонсараў, а потым праводзілі разьмінку і сам забег.

«Намінальна гарвыканкам заўсёды ўдзельнічаў у такіх імпрэзах, бо ты бязь іх дазволу нічога ня можаш зрабіць. На той момант найлепшае, што мог зрабіць гарвыканкам, — гэта нічога не чапаць», — заўважае Міхась.

Найбольш народу навагодняя акцыя сабрала ў 2019 годзе — каля 600 чалавек. Калі пачалася пандэмія каранавірусу, дазволу на забегі не прасілі, але пастаянныя ўдзельнікі ўсё ж прыходзілі апоўдні першага дня году, каб прабегчы кола па лесе. Так забегі праходзілі да 2023 году.

У 2024 году гарадзкія ўлады адмовіліся ад удзелу аматараў у рыхтаваньні навагодніх забегаў, адзначае Міхась. Сёлета яны абвесьцілі, што навагодні забег ладзілі ў трэці раз.

«Як трэці? Яго ладзяць з 2015 году. Многія людзі абураліся гэтым. А што ж мы бегалі дагэтуль?», — разважае суразмоўца.

Паводле яго, добрую акцыю сапсавалі. Сёлета амаль удвая скарацілі традыцыйную дыстанцыю ў 4,3 кілямэтра па лесапарку. Бягун мяркуе, што гэта зрабілі, каб арганізатары маглі раней вызваліцца. Таксама гарвыканкам рыхтуе толькі 150 мэдалёў для тых, хто фінішуе першымі. Бягун заўважае, што мэдалёў хапае ня ўсім ахвотным.

Міхась мяркуе, што на забег прымусова зганяюць работнікаў дзяржаўных арганізацый дзеля масавай карцінкі і фатаграфіяў у дзяржаўных СМІ. Ён кажа, што сёлета падчас прабегу некалькі дзясяткаў чалавек пасьля першых ста мэтраў збочылі з дыстанцыі ў лес. Ён думае, што іхнай задачай было толькі прыгожа стартаваць.

«Іх, відаць, загналі туды, а яны не хацелі ўдзельнічаць. Гэта робіцца не для людзей, а для прэсы, карцінкі, як у нас усё добра. Самі ня могуць нармальна зрабіць і іншым не даюць», — мяркуе суразмоўца.

Ён перакананы, што калі забегі ладзілі самі спартоўцы, гэта было з душой, з атмасфэрай сьвята.

«А яны (улады. — РС) робяць дзеля таго, каб рабіць. Ім ня надта гэта трэба. Ніякага энтузіязму ў гэтым няма», — мяркуе суразмоўца.

Міхась адзначае, што забег цьвярозасьці ўпершыню прыдумалі і правялі ў Горадні. Пасьля такія ж сталі ладзіць у іншых гарадах. Ён мяркуе, што ўлады прысабечылі пасьпяховы праект і выкарысталі ў сваіх ідэалягічных мэтах.

«Гэта круты праект. Забег на той момант быў раскручаны. Гэта ж можна добра падаваць: „Глядзіце, якія мы малайцы, які ў нас забег цьвярозасьці!“. Гэта пасуе папулярнай тэме — мы змагаемся з алькагалізмам. Яны робяць гэта так, быццам прыдумалі самі, але яны гэта скралі і ўсё», — разважае суразмоўца.

Дзень сьвятога Губэрта

Дні сьвятога Губэрта, апекуна Горадні, пачалі адзначаць у горадзе не пазьней за лістапад 2008 году. Грамадзянская супольнасьць ладзіла ў гэтыя дні гістарычную канфэрэнцыю, навукоўцы выпускалі зборнік гістарычных артыкулаў, гісторыкі самі заснавалі і ўручалі ў гэтыя дні прэмію Юзафа Ядкоўскага. У гэты дзень ладзілі імпрэзу для гарадзенцаў з прэзэнтацыяй новай кнігі пра Горадню або календара на наступны год, з выступам музыкаў.

Удзельнікі гістарычнай канфэрэнцыі да Дня сьвятога Губэрта ў Горадні, 2009 год, архіўнае фота

Празь некалькі гадоў горадзенскія ўлады сталі ладзіць свае імпрэзы, прымеркаваныя да Дня сьвятога Губэрта, з выставамі ў музэі, экскурсіяй у заапарку, гуляньямі ў горадзе, продажам дзічыны. У 2020 годзе ў цэнтры гораду адкрылі помнік сьвятому Губэрту.

«Калі праблема ў тым, што яны крадуць, то чаго мы хочам ад людзей, якія фальсыфікуюць выбары, якія маўчаць, калі б’юць іншых людзей, калі сядзяць тысячы палітвязьняў? Для іх, напэўна, гэта норма. Але гэта драбяза», — кажа Павал Мажэйка, адзін з арганізатараў Дзён сьвятога Губэрта ў Горадні.

Павал Мажэйка

Аднак, на ягоную думку, ня можа быць манаполіі на гісторыю Беларусі.

«На гэтым і палягае кантакт на лініі грамадзянскай супольнасьці і структураў дзяржавы. Мы заўсёды будзем хутчэйшыя за іх, разумнейшыя за іх. Мы імкнемся рабіць тое, што сапраўды важна, няхай сабе для вузкага кола людзей. Вельмі здорава, калі дзяржава — я не кажу канкрэтна пра нашую сытуацыю — падхоплівае такія ініцыятывы», — мяркуе грамадзкі дзяяч.

Пры гэтым, на ягоную думку, грамадзтва мае рэагаваць, калі дзяржаўныя імпрэзы арганізоўваюць няякасна, «калі яны выглядаюць сьціпла, убога». Мажэйка думае, што ненармальна, калі імпрэзы робяць для галачкі, калі на іх прымусова зганяюць людзей. Разам з тым, мяркуе ён, такое перайманьне ідэяў і імпрэзаў грамадзкай супольнасьці можа быць меншым злом, чым суцэльныя вайскова-патрыятычныя летнікі для дзяцей.

У 2022 годзе Паўла Мажэйку затрымалі і асудзілі на шэсьць гадоў калёніі ў палітычнай справе. За год да гэтага зьліквідавалі ягоны «Цэнтар гарадзкога жыцьця», дзе ў тым ліку праходзілі Дні сьвятога Губэрта.

Актывіст зь Беларусі Ягор* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказвае, што аднойчы ўдзельнічаў у гарадзкой гульні на Дзень сьвятога Губэрта, які арганізоўваў горадзенскі гарвыканкам.

«Тады такія рэчы ўспрымаліся інакш. Калі ўлады зьвяртаюць на нешта ўвагу, нават калі яны перахапілі (ідэю), гэта ўсё роўна ўспрымалася як пазытыў, бо адразу выходзіла на шырэйшую аўдыторыю», — кажа Ягор.

Ён дадае, што тады, гадоў зь дзесяць таму, улады не забаранялі актывістам рабіць свае імпрэзы, гэта былі іншыя дачыненьні.

«Улады так і ня здолелі нічога прыдумаць, і яны вымушаныя вось такім чынам красьці, плягіяціць тое, што нейкія людзі некалі рабілі», — кажа Ягор.

Ён кажа, што ставіцца да такога плягіяту іранічна.

«Гэта не найгоршае злачынства, якое зрабілі ўлады», — падсумоўвае суразмоўца.