У Беларусі мужчынам да 27 гадоў для атрыманьня пашпарту і правоў кіроўцы спатрэбіцца даведка з ваенкамату

Беларускі пашпарт, ілюстрацыйнае фота

Беларусам ва ўзросьце ад 18 да 27 гадоў трэба будзе прадставіць даведку аб адносінах да вайсковага абавязку для атрыманьня пашпарту і некаторых іншых дакумэнтаў.

Такія палажэньні ўнесеныя як дадаткі ва ўказ № 200 аб адміністрацыйных працэдурах.

Зьмяненьні ў пералік адміністрацыйных працэдур, якія ажыцьцяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, былі ўнесены ўказам ад 9 студзеня. Дакумэнт апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У прыватнасьці пашыраны сьпіс дакумэнтаў, якія грамадзянін Беларусі мужчынскага полу, што дасягнуў 14-гадовага ўзросту, павінен прадставіць у адзьдзяленьне па грамадзянстве і міграцыі для атрыманьня пашпарта і шэрагу іншых дакумэнтаў.

У пералік дадалі «даведку вайсковага камісарыяту, органа дзяржаўнай бясьпекі наконт адносін да воінскага абавязку». Такую паперу запатрабуюць ад усіх мужчын ва ўзросьце ад 18 да 27 гадоў. Выключэньне — беларусы, якія зьехалі на сталае пражываньне за мяжу і стаяць на пастаянным консульскім уліку.

Выдаваць даведкі будуць вайсковыя камісарыяты або орган дзяржаўнай бясьпекі. Выдаць даведку маюць бясплатна на працягу аднаго працоўнага дня. Дзейнічаць яна будзе шэсьць месяцаў.

Такая ж даведка таксама спатрэбіцца пры:

Атрыманьні ідэнтыфікацыйнай карты;

  • абмене пашпарту традыцыйнага ўзору і ID-карты;
  • выдачы (абмене) біямэтрычнага пашпарту;
  • выдачы і абмене пасьведчаньня на права кіраваньня мэханічным транспартным сродкам;
  • аднаўленьні права кіраваньня аўтамабілем па заканчэньні тэрміну пазбаўленьня правоў кіроўцы;
  • атрыманьні дазволаў на набыцьцё зброі, яе захоўваньне і нашэньне.

Зьмяненьні ўступаюць у сілу з 11 лютага 2026 года.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Візавыя цэнтры Польшчы ў Беларусі спынілі прыём дакумэнтаў