У Горадні з дапамогай відэакамэраў будуць лавіць парушальнікаў сартаваньня вялікагабарытных адыходаў

Ілюстрацыйнае фота

У Горадні камэры назіраньня да 1 сакавіка ўсталююць на больш як 160 пляцоўках зборы вялікагабарытных адыходаў.

Як паведаміла выданьне grodnoplustv, такі кантроль вырашылі ўвесьці праз усё часьцейшыя парушэньні правілаў утылізацыі сьмецьця.

«У 2016 годзе ў горадзе паставілі кантэйнэры для вялікагабарытных адыходаў, і з кожным годам мы бачым рост адыходаў. [...] Пэрыядычна, асабліва ў выходныя дні, аб’ёму нават 14 кубоў не хапае для штодзённага вывазу гэтых адыходаў. Усё таму, што гэта адыходы ня толькі жыхароў гораду, шмат хто прывозіць адыходы зь вёсак, з дачаў, прыватнага сэктару», — сказаў начальнік участку вывазу цьвёрдых і вадкіх камунальных адыходаў прадпрыемства «Спэцаўтагаспадарка» Андрэй Ігнатовіч.

Паводле яго, пасьля арганізацыі пляцовак вялікагабарытнае сьмецьце зь іх спачатку вывозілі раз на тыдзень, а цяпер штодня. У некаторых месцах мусілі паставіць кантэйнэры большага аб’ёму.

У публікацыі адзначаецца, што гэтымі пляцоўкамі могуць карыстацца толькі жыхары гораду. Індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам забаронена выкідаць сьмецьце ў гэтыя кантэйнэры. Таму нагадалі, што зь фізычных асобаў, якія будуць прывозіць на гэтыя пляцоўкі будаўнічае сьмецьце пасьля рамонту кватэраў і будынкаў, будуць спаганяць штраф да 30 базавых велічыняў, з індывідуальных прадпрымальнікаў — да 100 базавых велічыняў, а зь юрыдычных асобаў — да 1000 базавых велічыняў.

З 1 студзеня 2026 году ў Беларусі базавая велічыня складае 45 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельшчына захлынаецца ў сьмецьці, камунальнікі не даюць рады. ФОТА