ЗША прыпыняюць апрацоўку іміграцыйных візаў для 75 краінаў, у тым ліку для беларусаў

Амэрыканская віза

Навіну, якая сьпярша зьявілася ў СМІ, пацьвердзіў Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прыпыніла апрацоўку іміграцыйных візаў для заяўнікаў з 75 краінаў, у лік якіх уваходзіць і Беларусь.

Прыпыненьне пачнецца 21 студзеня, спаведамілі ў Дзярждэпартамэнце. Гэта не ўплывае на турыстычныя візы. Сярод суседзяў Беларусі пацерпіць толькі Расея.

Як паведаміў Fox News, службовая запіска даручае пасольствам ЗША адмаўляць у візах у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, пакуль ведамства пераглядае свае працэдуры.

«Дзяржаўны дэпартамэнт прыпыніць апрацоўку іміграцыйных візаў з 75 краін, мігранты якіх атрымліваюць дапамогу ад амэрыканскага народу па непрымальных стаўках, — гаворыцца ў паведамленьні ведамства на X. — Замарожваньне будзе дзейнічаць, пакуль ЗША ня змогуць гарантаваць, што новыя імігранты ня будуць выцягваць багацьце з амэрыканскага народу».


Поўны сьпіс краінаў:

Афганістан, Альбанія, Альжыр, Антыгуа і Барбуда, Армэнія, Азэрбайджан, Багамскія Астравы, Банглядэш, Барбадас, Беларусь, Бэліз, Бутан, Босьнія і Герцагавіна, Бразылія, М’янма, Камбоджа, Камэрун, Каба-Вэрдэ, Калюмбія, Кот-д'Івуар, Куба, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Дамініка, Эгіпет, Эрытрэя, Этыёпія, Фіджы, Гамбія, Грузія, Гана, Грэнада, Гватэмала, Гвінэя, Гаіці, Іран, Ірак, Ямайка, Ярданія, Казахстан, Косава, Кувэйт, Кіргізстан, Лаос, Лібан, Лібэрыя, Лібія, Македонія, Малдова, Манголія, Чарнагорыя, Марока, Нэпал, Нікарагуа, Нігерыя, Пакістан, Рэспубліка Конга, Расея, Руанда, Сэнт-Кітс і Нэвіс, Сэнт-Люсія, Сэнт-Вінсэнт і Грэнадыны, Сэнэгал, Сьера-Леонэ, Самалі, Паўднёвы Судан, Судан, Сырыя, Танзанія, Тайлянд, Тога, Туніс, Уганда, Уругвай, Узбэкістан і Емэн.

З моманту вяртаньня на прэзыдэнцкую пасаду летась Трамп распачаў актыўную барацьбу зь нелегальнай міграцыяй. Фэдэральныя агенты праводзяць масавыя аблавы ў буйных гарадах ЗША, часта выклікаючы пратэсты мясцовых уладаў і жыхароў.

Дзяржаўны дэпартамэнт ужо ануляваў больш за 100 000 візаў з моманту ўступленьня Трампа на пасаду. Адміністрацыя таксама ўвяла больш жорсткія правілы выдачы візаў, дадаўшы праверку заяўнікаў у сацыяльных сетках і ўвёўшы пашыраны кантроль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША супрацоўнік міграцыйнай службы застрэліў жанчыну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд ЗША ухваліў дэпартацыю мігрантаў