Reuters: ЗША і Вялікая Брытанія выводзяць частку пэрсаналу з вайсковых базаў паблізу Ірана

Авіябаза Аль-Удэйд, архіўнае фота

ЗША і Вялікая Брытанія пачалі вывад часткі вайскоўцаў з базаў на Блізкім Усходзе, паведаміла агенцтва Reuters з спасылкай на чыноўнікаў і дыпляматаў.

Частка вайскоўцаў і пэрсаналу часова пакіне найбуйнейшую авіябазу ЗША на Блізкім Усходзе — Аль-Удэйд у Катары, якая разьлічана прыкладна на 10 тысяч вайскоўцаў.

Магчымы выезд можа адбыцца ўжо 14 студзеня. Пры гэтым адна з крыніц Reuters падкрэсьліла, што гаворка ідзе пра зьмену рэжыму, а не эвакуацыю.

Катар заявіў, што скарачэньне колькасьці пэрсаналу на авіябазе Аль-Удэйд праводзіцца «ў адказ на бягучую рэгіянальную напружанасьць».

Тры дыпляматы паведамілі, што частцы пэрсаналу было загадана пакінуць базу, хоць непасрэдных прыкметаў масавай эвакуацыі войскаў (як гэта было перад іранскім ракетным ударам летась) пакуль няма.

У сваю чаргу ірацкія СМІ паведамілі пра поўны вывад амэрыканскіх войскаў з базы Айн-аль-Асад на захадзе Іраку. Адзначаецца, што на базе засталіся толькі падразьдзяленьні забесьпячэньня.

Вялікабрытанія таксама выводзіць частку пэрсаналу з авіябазы ў Катары, паведаміла ў сераду крыніца, знаёмая з сытуацыяй агенцтву Reuters. Прадстаўнік Міністэрства абароны заявіў, што ведамства не камэнтуе дэталі базаваньня і разгортваньня сіл па меркаваньнях бясьпекі.

12 студзеня ў Белым доме прагучалі заявы пра магчымае прымяненьне ваеннай сілы супраць Ірана за расстрэл пратэстоўцаў.

У адказ сьпікер парлямэнту Ірана заявіў, што ў выпадку атакі ЗША Тэгеран нанясе ўдары па амэрыканскіх вайсковых базах у рэгіёне.

Выданьне Politico раней паведамляла , што ў выпадку пачатку баявых дзеяньняў ЗША можа не хапіць сродкаў супрацьпаветранай абароны ў зоне дасяжнасьці іранскай зброі.

«Усе сыгналы паказваюць на непазьбежнасьць нападу ЗША, але менавіта так паводзіць сябе гэтая адміністрацыя, каб трымаць усіх у напружаньні. Непрадказальнасьць — частка стратэгіі», — паведаміў Reuters заходні вайсковы прадстаўнік пазьней у сераду.

Двое эўрапейскіх чыноўнікаў заявілі, што ваеннае ўмяшаньне ЗША можа адбыцца ў бліжэйшыя 24 гадзіны.

Ізраільскі прадстаўнік таксама адзначыў, што Трамп, відаць па ўсім, вырашыў умяшацца, хоць маштабы і тэрміны застаюцца незразумелымі.

Дзясяткі камэрцыйных суднаў апошнімі днямі сталі на якар на адлегласьці ад іранскіх партоў, бо партовыя зоны маюць высокую рызыку спадарожных пашкоджаньняў у выпадку авіяўдараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран застаецца ў «лічбавай цемры», інтэрнэт па-ранейшаму заблякаваны