Праваабарончая арганізацыя OpenDoors («Адчыненыя дзьверы»), якая займаецца дакумэнтаваньнем перасьледу хрысьціянаў у сьвеце, склала гадавы рэйтынг небясьпекі на глебе веры. У справаздачы праваабаронцы адзначаюць, што 388 мільёнаў хрысьціянаў ва ўсім сьвеце сутыкаюцца з дыскрымінацыяй, а 315 мільёнаў з іх — з надзвычай высокім або высокім узроўнем рызыкі. Шмат хто адчувае пагрозу жыцьцю і здароўю, а таксама спакойнаму вядзеньню гаспадаркі і жыцьцю зь сям’ёй, адкрытаму адзначэньню рэлігійных сьвятаў.
Шмат у якіх краінах нападаюць ня толькі на шараговых вернікаў, але й на сьвятароў, на хрысьціянскія сьвятыні і цэрквы.
Мэтадалёгія OpenDoors выкарыстоўвае тэалягічнае, а не сацыялягічнае вызначэньне: «Любая варожасьць, якая ўзьнікае ў выніку ідэнтыфікацыі сябе з Хрыстом. Гэта можа ўключаць варожыя адносіны, словы і дзеяньні ў адносінах хрысьціянаў». Гэтае шырокае вызначэньне ўключае (але ня сканчваецца) абмежаваньні, ціск, дыскрымінацыю, процістаяньне, дэзынфармацыю, несправядлівасьць, запалохваньне, жорсткае абыходжаньне, маргіналізацыю, прыгнёт, нецярпімасьць, парушэньні, астракізм, варожыя дзеяньні, перасьлед, злоўжываньні, гвалт, этнічныя чысткі і генацыд.
Каб вызначыць сьпіс і ацаніць ровень рызыкі ў розных краінах, арганізацыя стварыла анкету з 100 пытаньнямі.
Найбольш небясьпечнай дзяржавай для жыцьця хрысьціянаў прызнаная Паўночная Карэя. На другой пазыцыі Самалі, на трэцяй — Емэн. У сьпісе найбольш небясьпечных краінаў — дзяржавы трох рэгіёнаў. Гэта Азія, Афрыка і Лацінская Амэрыка.
У сьпіс трапілі й пяць мусульманскіх цэнтральнаазіяцкіх краінаў былога СССР — на 25-м месцы Ўзбэкістан, на 27-м Таджыкістан, на 35-м — Туркмэністан, на 40-м — Кіргізстан, на 45 — Казахстан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Палестынскай аўтаноміі пачасьціліся напады на хрысьціянаў. Іх колькасьць у рэгіёне, у тым ліку ў Бэтлееме, імкліва скарачаеццаРэйтынг перасьледу хрысьціянаў складаецца штогод з 1993 году.
Нягледзячы на тое, што першае месца ў сьпісе займае Паўночная Карэя, а Нігерыя толькі 7-е, менавіта там, у Афрыцы, найчасьцей забіваюць за хрысьціянскае веравызнаньне. За год у Нігерыі забілі 3490 пасьлядоўнікаў Ісуса Хрыста. Гэта на 390 чалавек больш, чым годам раней і ў сярэднім 14 вернікаў штодня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША нанесьлі ўдар па групоўцы «Ісламскай дзяржавы» ў НігерыіУ Афрыцы і Азіі хрысьціяне часта становяцца ахвярамі мусульманскай большасьці, у прыватнасьці ісламісцкіх груповак, якія спрабуюць прынесьці сваю трактоўку ісламу і на гэтым тле гатовыя забіваць нават аднаверцаў, ня кажучы пра іншыя рэлігіі, асабліва распаўсюджанае на гэтых кантынэнтах хрысьціянства.
У Лацінскай Амэрыцы хрысьціяне складаюць абсалютную большасьць насельніцтва, аднак таксама становяцца ахвярамі забойстваў, нападаў і перасьледу, часьцяком з боку розных злачынных картэляў.
У некаторых краінах, напрыклад, у Кітаі і Альжыры, забароненыя хрысьціянскія сустрэчы, што вядзе гэтую супольнасьць да ізаляцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У мястэчку Сапоцкін Гарадзенскага раёну адбыўся пажар у старажытным касьцёле