У Беларусі дапытваюць украінцаў, якія незаконна перасякаюць мяжу з украінскага боку. Чым цікавяцца

Так выглядала мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай у Ровенскай вобласьці ў лютым 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі ўкраінскіх мужчын прызыўнога ўзросту, якім удаецца нелегальна перасячы мяжу з украінскага боку, дапытваюць невядомыя асобы ў цывільным адзеньні. Яны цікавяцца перасоўваньнем украінскай вайсковай тэхнікі, месцамі пападаньня расейскіх ракет і дронаў.

Як адзначаецца ў супольным расьсьледаваньні Беларускага расьсьледніцкага цэнтру і ўкраінскага праекту «Слідство.Інфо» аб схемах уцёкаў украінцаў у Беларусь, унікнуць адказаў на гэтыя пытаньні немагчыма.

«Ты ж разумееш, што там закон ня дзейнічае. Там ты ня будзеш (казаць) кшталту: „Вы ня маеце права“. Ён хоча, ён бярэ твой тэлефон. Ну што ты яму скажаш? Што я забараняю?», — сказаў украінскім журналістам адзін з тых украінцаў, які ўцёк з Украіны ў Беларусь.

Уражаньнямі ад допытаў украінцы дзеляцца ў адмысловых Telegram-чатах. Уцекачы мяркуюць, што іх дапытваюць прадстаўнікі спэцслужбаў.

«Там у пакой заходзіш, за маленькія краты сядаеш. Цябе зачыняюць, і ты размаўляеш... Зразумела, што гэта або КДБэшнік, або ФСБэшнік», — расказаў адзін з мужчын.

Іншы ўдзельнік чату паведаміў, што «там просяць здаваць пазыцыі, запытваюць, дзе менавіта перамяшчаецца тэхніка».

«Забралі тэлефоны, забралі пашпарты, усё забралі. Сьмешныя, вядома, праверкі ў іх. Ён на мяне глядзіць і кажа: „Першая танкавая брыгада!“ І глядзіць на маю рэакцыю. А я сяджу як дуб-дрэва, гляджу на яго», — дадаў яшчэ адзін уцякач.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заявілі аб павелічэньні колькасьці парушальнікаў мяжы ў кірунку Беларусі

Прадстаўнік арганізацыі BelPol Уладзімер Жыгар адзначыў, што для сыстэмы Лукашэнкі выгадны паток тых, хто хоча ўнікнуць мабілізацыі ва Ўкраіне.

«Гэтых людзей бяруць на кантроль, пасьля чаго іх сапраўды адвозяць, умоўна кажучы, да мяжы з Эўрапейскім Зьвязам. Бо іхная асноўная мэта, у істоце, ужо выкананая — гэта збор інфармацыі», — сказаў Жыгар.

Галоўны рэдактар сайту Agentura.ru Андрэй Салдатаў (яго вышуквае Расея) мяркуе, што сабраную такім чынам інфармацыю «могуць перадаць ці паабяцаць таму ж Нарышкіну [дырэктар Службы замежнай выведкі Расеі] або Бортнікаву [дырэктару ФСБ Расеі], або Патрушаву [памочнік Пуціна]».

Паводле Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, у 2025 годзе большасьць украінскіх вайсковаабавязаных мужчын, якія спрабавалі ўцячы ў Беларусь, затрымлівалі на памежных тэрыторыях Ровенскай і Жытомірскай вобласьцяў, радзей — у Валынскай, Кіеўскай і Чарнігаўскай.

Летась за спробу перасячэньня ўкраінска-беларускай мяжы ўкраінскія памежнікі затрымалі 1424 мужчын прызыўнога ўзросту. Гэта ў чатыры разы больш, чым у папярэднім годзе (326 чалавек), і ў 356 разоў, чым у 2023-м (4).

Цана дапамогі «арганізатараў» нелегальнага перасячэньня мяжы часам дасягае 16 тысяч даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прапагандыстка Лебедзева дапамагла затрымаць ва Ўкраіне «памочніка» ўхілістам ад мабілізацыі