Незалежная іранская праваабарончая арганізацыя HRANA, якая базуецца ў ЗША, паведаміла 13 студзеня, што пацьверджаная колькасьць загінулых у пратэстах павялічылася да 2571 чалавека.
Раней агенцтва Reuters цытавала неназванага іранскага чыноўніка, які паведаміў, што лік загінулых ужо каля 2000 чалавек. Гэта першы раз, калі ўлады прызналі вялікую колькасьць загінулых пасьля больш чым двух тыдняў закалотаў па ўсёй краіне.
Улады адключылі доступ да сеціва, каб абмежаваць плынь абмену інфармацыяй паміж пратэстоўцамі і міжнароднай супольнасьцю, а значыць, сапраўдная колькасьць загінулых можа быць значна вышэйшай, як мяркуюць некаторыя.
«Ужо каля пяці дзён ўся сувязь адключана, і няма як зьвязацца з Іранам. Яны могуць лёгка забіваць там людзей там, сьвет пра гэта ня ведаў», — сказаў Радыё Свабода пратэстовец каля пасольства Ірану ў сталіцы Армэніі Ерэване, калі яго спыталі, ці здолеў ён зьвязацца з сваякамі ў Іране.
Іншы ўдзельнік гэтага пратэсту адзначыў, што тон цяперашніх дэманстрацыяў зьмяніўся.
«Раней пратэсты заклікалі да рэформаў у Іране. Гэтым разам людзі больш не патрабуюць рэформаў. Яны патрабуюць зьмены сыстэмы», — заявілі яны.
«Сёньня вы бачыце, што людзі на пратэстах не гавораць пра рэформы. Яны называюць аятолаў і мулаў, якіх хочуць выгнаць з краіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран і Беларусь не адзіныя. У якіх краінах пры масавых пратэстах адключалі інтэрнэтГрупы, у тым ліку арганізацыі, што базуюцца ў Нарвэгіі, Iran Human Rights і Hengaw, цытуючы крыніцы, паведамілі, што 26-гадовы Эрфан Салтані, абвінавачаны ў «вядзеньні вайны супраць Бога» за ўдзел у пратэстах, будзе пакараны сьмерцю 14 студзеня, праз шэсьць дзён пасьля арышту.
Іранскія чыноўнікі публічна не камэнтуюць паведамленьняў пра Салтані. Але інфармацыйнае агенцтва «Тасьнім», блізкае да Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР), паведаміла 13 студзеня, што судовая ўлада вынесла першыя абвінаваўчыя выракі некалькім пратэстоўцам. Паводле агенцтва, прыярытэт будуць надаваць сур’ёзным справам, у тым ліку дзе арыштаваных абвінавачваюць у «вайне супраць Бога». Гэта, паводле ісламскага заканадаўства Ірану, злачынства, якое караецца сьмерцю.
«Забойства мірных дэманстрантаў павінна спыніцца, а абвінавачаньні пратэстоўцаў як „тэрарыстаў“ для апраўданьня гвалту супраць іх непрымальна», — заявіў 13 студзеня Высокі камісар ААН у правах чалавека Фолькер Цюрк, асудзіўшы рашэньне ўладаў «ўжыць жорсткую сілу для задушэньня законных патрабаваньняў пераменаў».
Іранская доктарка на ўмовах ананімнасьці паведаміла «Радыё Фарда», што сілы бясьпекі ўрываліся ў лякарні і каралі сьмерцю параненых пратэстоўцаў падчас жорсткіх разгонаў агульнанацыянальных пратэстаў.
Доктарка, якая працуе ў лякарні на поўдні Ірану, заявіла, што супрацоўнікі іранскіх сілаў бясьпекі «дабівалі» шпіталізаваных пратэстоўцаў.
У час апошняй буйной хвалі пратэстаў у 2022 годзе, калі людзі выйшлі на вуліцы па ўсёй краіне пад лёзунгам «Жанчыны, жыцьцё, свабода» пасьля сьмерці Махсы Аміні, якую зьмясьцілі пад варту нібыта за няправільнае нашэньне хіджабу, былі пакараныя сьмерцю як мінімум 12 чалавек, зьвязаных з пратэстамі.
Раней 13 студзеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пацьвердзіў падтрымку іранскіх пратэстоўцаў і заклікаў тых захопліваць урадавыя будынкі. Трамп заявіў, што масавыя забойствы пратэстоўцаў павінны скончыцца, а пакуль гэтага не адбываецца, ён спыняе ўсе перамовы з іранскімі ўрадоўцамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заклікаў іранскіх пратэстоўцаў да захопу ўрадавых будынкаў: «Дапамога ўжо ў дарозе»