Сэйм Польшчы адхіліў законапраект аб падаўжэньні тэрміну атрыманьня польскага грамадзянства для замежнікаў

Сьцяг Польшчы

Польскі парлямэнт у першым чытаньні адхіліў законапраект партыі «Права і справядлівасьць» (PiS), які прадугледжваў, у прыватнасьці, павелічэньне да 10 гадоў тэрміну, па заканчэньні якога замежнікі маглі б падаваць заяву на атрыманьне польскага грамадзянства.

Пра галасаваньне ў Сэйме паведаміў Dziennik Gazeta Prawna. «Грамадзянская кааліцыя» (KO) прапанавала адхіліць праект закону, з гэтым пагадзіліся 240 дэпутатаў, супраць прагаласавалі 200 чалавек.

Праект паправак да закону аб польскім грамадзянстве прадстаўнікі PiS унесьлі ў кастрычніку. Яны хацелі, каб атрыманьне грамадзянства стала больш складаным, чым раней. А таксама, каб на працягу ўсяго падоўжанага да дзесяці гадоў пэрыяду замежнік павінен быў увесь час жыць у Польшчы і мець стабільны прыбытак.

У выпадку шлюбаў грамадзян Польшчы з замежнікамі апошні павінен быў бесьперапынна пражываць у краіне 6 гадоў, каб атрымаць польскае грамадзянства.

Адзін з аўтараў праекту, дэпутат ад PiS Павал Храняк у час разгляду прапановы заявіў, што падаўжэньне тэрміну з трох да дзесяці гадоў павінна спрыяць фармаваньню ў замежнікаў пачуцьця агульнасьці, разуменьню таго, як функцыянуе польская дзяржава, а таксама веданьню мовы на гутарковым узроўні.

У час дэбатаў над праектам намесьнік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Магдалена Рагуская нагадала, што ўжо вядзецца праца над урадавым праектам зьменаў. Яна параіла Сэйму не працягваць працу над дэпутацкім праектам і дачакацца ўрадавай ініцыятывы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Музычны дуэт з Падляшша Sw@da & Niczos атрымаў польскую ўзнагароду Paszporty Polityki


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча зафіксавала найбольшую за 2,5 тыдня актыўнасьць мігрантаў зь Беларусі